Мацьвея 25 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Тады падобнае будзе валадарства нябеснае дзесяцём дзевам, якія, ўзяўшы свае сьветачы, выйшлі насустрэч маладому й маладой.
 
Тады падобна будзе царства нябе́снае да дзесяцех дзяўчат, якія, узяўшы сьве́тачы, выйшлі насустрэчу жаніху.

Адыж п’яць з іх было мудрых, а п’яць нерастаропных.
 
З іх пяць было разумных і пяць неразумных.

Тыя нерастаропныя, ўзяўшы сьветачы, не ўзялі з сабою алівы,
 
Неразумныя, узяўшы сьве́тачы сваі, не ўзялі з сабою але́ю.

а мудрыя ўзялі алівы ў пасудзіны свае з сьветачамі.
 
Мудрыя-ж разам з сьве́тачамі сваімі ўзялі але́й у судзіны свае́.

Калі-ж малады замарудзіў, прыдрамалі ўсе й паснулі.
 
А як жаніх замару́дзіў, то задрамалі ўсе́ і паснулі.

Ажно ўпоўнач узняўся крык: Вось ідзе сужэнец, выходзьце на сустрэчу яму!
 
Але ў паўночы ўзьняўся крык: вось жаніх ідзе́, выхо́дзьце насустрэчу яму!

Тады схапіліся ўсе тыя дзевы й абгледзелі свае сьветачы.
 
Тады ўсталі ўсе́ дзяўчаты гэныя і паправілі сьве́тачы сваі.

Адыж нерастаропныя кажуць мудрым: дайце нам вашай алівы, бо сьветачы нашы гаснуць.
 
Неразумныя-ж сказалі мудрым: дайце нам вашага але́ю, бо сьве́тачы нашы гаснуць.

Адказалі мудрыя, кажучы: А як нам і вам нястане? Ідзеце лепш да прадаўцоў ды купеце сабе.
 
А разумныя адказалі, кажучы: каб ня зда́рылася недахвату і ў нас і ў вас, пайдзе́це ле́пш да прадаўцоў і купе́це сабе́.

Калі-ж яны йшлі купляць, прыйшоў малады, і каторыя былі гатовыя, ўвайшлі з ім на вясельле ды зачынена дзверы.
 
Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і гатовыя ўвайшлі з ім на вясе́льле, і дзьверы зачыніліся.

Пасьля прыйходзяць і другія дзевы, кажучы: Усеспадару, Усеспадару, адчыні нам!
 
Пасьля прыходзіць і рэшта дзяўчат ды кажуць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам!

Ён-жа адзываючыся, сказаў: Сапраўды кажу вам, ня знаю вас.
 
Ён-жа сказаў ім у адказ: Запраўды кажу вам: ня знаю вас.

Дык не драмеце, ня ведаеце бо ні дня, ні гадзіны.
 
Дык ня сьпіце, бо ня ве́даеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалаве́чы.

Таксама як адзін чалавек, ад’яжджаючы, паклікаў слуг сваіх ды перадаў ім сваё дабро.
 
Бо, як чалаве́к, выяжджа́ючы, паклікаў слуг сваіх і здаў ім маемасьць сваю.

І даў аднаму пяць талентаў, другому два, а трэцяму адзін, кожнаму паводле яго сілы, і зараз ад’ехаў,
 
І аднаму даў пяць таля́нтаў, другому два, іншаму адзін — кожнаму паводле яго сілы.

Той-жа, што дастаў пяць талентаў, пайшоў, пусьціў іх у ход і прыдбаў яшчэ пяць.
 
Той, што дастаў пяць таля́нтаў, пайшоў, пусьціў іх у дзе́ла і прыдбаў другіх пяць таля́нтаў.

Таксама й той, што дастаў два, здабыў другія два.
 
Так сама і той, што дастаў два таля́нты, прыдбаў другія два.

А той, што ўзяў адзін, пайшоўшы, закапаў у землю й схаваў грошы гаспадара свайго.
 
А той, што дастаў адзін таля́нт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў серабро гаспадара свайго.

Пасьля-ж доўгага часу вярнуўся гаспадар гэных слуг ды зрабіў з імі разрахунак.
 
Цераз доўгі час прыходзіць гаспадар слуг гэных і трэбуе ў іх справаздачы.

І, прыступіўшы, той, што дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Спадару, даў ты мне пяць талентаў, вось я здабыў другія пяць.
 
І, падыйшоўшы, той, што быў дастаў пяць таля́нтаў, прынёс другія пяць таля́нтаў і кажа: гаспадар! пяць таля́нтаў ты даў мне́; вось другія пяць таля́нтаў я прыдба́ў на іх.

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, таму што быў ты верны над малым, над многім цябе пастаўлю, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 
Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і ве́рны слуга́! у малым ты быў ве́рны, над многім цябе́ пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.

Прыступіў жа й той, што атрымаў два таленты й сказаў: Спадару, даў ты мне два таленты, вось я прыдбаў другія два.
 
Падыйшоў таксама і той, што дастаў два таля́нты, і сказаў: гаспадар, два таля́нты ты мне́ даў, вось другія два таля́нты я прыдба́ў на іх.

Сказаў яму гаспадар ягоны: Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе, ўвайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
 
Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і ве́рны слуга! У малым ты быў ве́рны: над многім цябе́ пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.

А прыступіўшы й той, што дастаў адзін талент, сказаў: Усеспадару, я ведаю, ты чалавек цьвёрды: жнеш, дзе ня сееў і збіраеш, дзе не рассыпаў.
 
Падыйшоў і той, што дастаў адзін талянт, і сказаў: гаспадар, я ве́даў цябе́, што ты чалаве́к жорсткі: жне́ш, дзе́ ня се́яў, і зьбіраеш, дзе́ не рассыпаў;

І, пабаяўшыся, пайшоў я ды схаваў твой талент у землю: во маеш табе тваё.
 
дык, убаяўшыся, пайшоў і схаваў таля́нт твой у зямлю: вось табе́ тваё.

Гаспадар-жа адазваўшыся, кажа яму: Слуга дрэнны і нядбалы! Ведаў ты, што я жну, дзе, ня сееў, і збіраю, дзе не рассыпаў.
 
Гаспадар-жа яго сказаў яму ў адказ: благí і ляны́ слуга́! Ты ве́даў, што я жну, дзе́ ня се́яў, і зьбіраю, дзе́ не рассыпаў.

Трэба-ж было табе аддаць мае грошы банкіром і я, вярнуўшыся, ўзяў-бы сваё з прыбыткам.
 
Дзеля гэтага нале́жала табе́ аддаць серабро маё таргуючым; і я, прыйшоўшы, дастаў бы сваё з прыбыткам.

Дык вазмеце ад яго талент і дайце маючаму дзесяць талентаў.
 
Дык вазьме́це ў яго таля́нт і дайце маючаму дзе́сяць таля́нтаў.

Кожнаму бо, хто мае, будзе дадзена і меціме дастатак, а ў таго, хто ня мае, будзе аднята й тое, што здаецца мець.
 
Бо ўсякаму ма́ючаму будзе дадзена і прыўмножыцца, а ў няма́ючага і тое, што ма́е, ўзята будзе.

А няздатнага слугу выкіньце ў процьму вонкавую, там будзе плач і скрыгот зубоў.
 
А нягоднага слугу́ кіньце ў це́мру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў.

Калі-ж прыйдзе Сын чалавечы ў славе сваёй і ўсе анелы з ім, тады сядзе на пасадзе свае славы,
 
Калі-ж прыйдзе Сын Чалаве́чы ў славе сваёй, і ўсе́ сьвятыя Ангелы з Ім, тады сядзе на паса́дзе славы сваёй.

і збяруцца перад ім усе народы, й адлучыць іх адных ад другіх, як аўчар аддзяляе авец ад казлоў,
 
І зьбяруцца перад ім усе́ народы; і аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе аве́ц ад казлоў;

ды паставіць авец праваруч, а казлоў — леваруч сябе.
 
і паставіць аве́ц па правай руцэ, а казлоў па ле́вай.

Тады скажа Валадар тым, што праваруч ад яго будуць: Прыйдзеце, багаслаўлёны Айца майго, атрымайце валадарства, прыгатаванае вам ад заснавання сьвету.
 
Тады скажа Цар тым, што напра́ва ад Яго: прыйдзе́це, багасла́ўленыя Айца́ Майго, насьле́дуйце царства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьве́ту.

Я бо галодны быў і вы далі мне есьці; засмагшы быў і вы далі мне напіцца; быў госьцем і вы прынялі мяне;
 
Бо Я хаце́ў е́сьці, і вы накармілі Мяне́; пра́гнуў, і вы напаілі Мяне́; быў у дарозе, і вы прынялі Мяне́.

быў нагім і вы прыадзелі мяне; хворым і вы адведалі мяне; быў у вастрозе і вы прыйшлі да мяне.
 
Быў нагí, і вы адзе́лі Мяне́; быў хворы, і вы адве́далі Мяне́; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне́.

Тады адкажуць яму справядлівыя ў адказ: Усеспадару, калі-ж мы бачылі цябе галодным ды накармілі, засмагшым ды напаілі?
 
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе́ галодным і накармілі? ці пра́гнучым і напаілі?

Калі мы бачылі цябе падарожным і прыгасьцілі, або нагім ды прыадзелі цябе?
 
Калі мы бачылі Цябе́ ў дарозе і прынялі? Ці нагíм і адзе́лі?

Або калі мы бачылі цебе хворым, ці ў вязніцы ды адведалі цябе?
 
Калі мы бачылі Цябе́ хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе́?

І адказваючы прамовіць да іх Валадар: Сапраўды кажу вам, колькі вы зрабілі аднаму з гэтых братоў маіх найменшых, мне зрабілі.
 
І Цар скажа ім у адказ: запраўды́ кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэных ме́ншых братоў Маіх, вы зрабілі Мне́.

Тады скажа і тым, што леваруч будуць: Ідзеце ад мяне праклятыя, ў вагонь вечны прыгатаваны нячысьціку й анелам ягоным.
 
Тады скажа і тым, што нале́ва: ідзе́це ад Мяне́, праклятыя, у вагонь ве́чны, прыгатава́ны чарту і ангелам ягоным.

Бо я быў галодны й вы не далі мне есьці; меў смагу й не далі мне піць;
 
Бо Я хацеў е́сьці, і вы не далі Мне́; пра́гнуў, і вы не напаілі Мяне́;

быў падарожным і не далі мне прытулішча; нагім і не прыадзелі мяне; быў занядужаўшы і быў у вастрозе. а вы не адведалі мяне.
 
быў у дарозе, і ня прынялі Мяне́; быў нагí, і не адзе́лі Мяне́; быў хворы і ў вязьніцы, і не даве́даліся Мяне́.

Тады і яны ў атозвіны скажуць: Усеспадару, калі мы бачылі цябе галодным, або засмагшым ці госьцем, ці нагім, ці занядужаўшым, або ў дарозе, ці ў вастрозе ды ня ўслужылі табе?
 
Тады і яны скажуць Яму ў адказ: Госпадзе! калі мы бачылі Цябе́ галодным, ці пра́гнучым, ці ў дарозе, ці нагíм, ці хворым, ці ў вязьніцы і не паслужылі Табе́?

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды гавару вам, колькі разоў вы не ўспамаглі аднаго з гэтых найменшых, дык не ўспамаглі й мяне.
 
Тады скажа ім у адказ: запраўды́ кажу вам: як вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых ме́ншых, то не зрабілі Мне́.

І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя ў жыцьцё вечнае.
 
І пойдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.