Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Была-ж за два дні Пасха й Праснакі. І шукалі першасьвятары й кніжнікі, як узяць яго подступам ды забіць.
 
Было два дні да Пасхі й сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары й кніжнікі сачылі, каб як узяць Яго хітрасьцю й усьмерціць.

Але казалі: Ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэнне ў народзе.
 
Але гаварылі: толькі ня ў сьвята, каб ня было забурэньня ў народзе.

І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона запаветранага й сядзеў за сталом, прыйшла жанчына з алябастравай судзінай дарагога шпіканардовага алейку і разбіўшы алябастар, выліла на галаву ягону.
 
Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына й прынесла ў алябастравым слоіку чыстае, дарагое нардовае міра і, разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву.

Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе й гаварылі: Нашто было глуміць гэты алеек?
 
I некаторыя абураліся ў думках і гаварылі між сабою: нашто гэткая страта алею?

Бо можна-ж было прадаць яго больш, як за трыста дэнараў ды раздаць убогім. І вайцялі ёй.
 
Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім.

Адыж Езус сказаў: Пакіньце. Нашто робіце ёй прыкрасць? Яна зрабіла добры ўчынак адносна мяне.
 
Але Ісус сказаў: «Ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.

Убогіх бо вы заўсёды маеце з сабою, і можаце ім рабіць дабро, калі захочаце; адыж мя-не не заўсёды маеце.
 
Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце.

Яна што мела, зрабіла: загадзя намасьціла маё цела к паховінам.
 
Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня.

Сапраўды кажу вам, дзе толькі будзе абвяшчацца гэтая эванэлія па ўсім сьвеце, казацімецца й пра тое, што яна зрабіла, на памяць аб ёй.
 
Праўду кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе.»

А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.
 
Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім.

Тыя пачуўшы ўсьцешыліся й абяцалі даць яму грошай. І шукаў, як-бы зручною часінай выдаць яго.
 
Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся й абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукаў зручнага моманту, каб прадаць Яго.

А на першы дзень Праснакоў, як ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі й прырыхтавалі табе спажываці Пасху?
 
I ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш спажываць Пасху? Мы пойдзем і прыгатуем».

І паслаў двух із вучняў сваіх, кажучы ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. За ім ідзеце;
 
Ён-жа паслаў двух вучняў Сваіх і сказаў ім: «Ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце.

і куды ўвойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель пытаецца: дзе мая гаспода, ў якой спажываціму Пасху з вучнямі маімі?
 
І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: Вучыцель кажа: дзе ёсьць пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі.

І ён вам пакажа вяліку сьвятліцу заслану, вось там прыгатуйце нам.
 
I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам».

І пайшлі вучні ягоныя, й прыйшлі ў горад, знайшлі там як ім сказаў, ды прыгатавалі Пасху.
 
I вучні Ягоныя пайшлі, і прышлі ў места й знайшлі, як казаў ім; і прыгатавалі Пасху.

Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.
 
I калі настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.

І як сядзелі яны й елі, сказаў Езус: Па-праўдзе гавару вам, адзін з вас, што есьць са мною, выдасьць мяне.
 
Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Папраўдзе кажу вам: адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне».

Яны-ж пачалі сумаваць і казаць яму паасобку: Ці не я гэта?
 
Яны засмуціліся й адзін па адным пачалі гаварыць да Яго: ці ня я? I іншы — ці ня я?

А ён кажа ім: Адзін з дванаццацёх, што мачае са мною ў місцы.
 
Ён-жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з дванаццацёх, які абмакнуў са Мною ў сальніцу.

Праўда. Сын чалавечы йдзе, як аб ім напісана, адыж гора таму чалавеку, праз якога Сын чалавечы будзе выданы; лепш было б не радзіцца чалавеку тому.
 
Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не радзіцца».

І калі яны елі, ўзяў Езус хлеб і, багаславячы, ламаў ды даваў ім, кажучы: Прыймеце, гэта ёсьць цела маё.
 
I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: «Вазьмеце, ежце: гэта ёсьць Цела Маё».

І ўзяўшы кіліх ды, ўзнёшшы падзяку, даў ім і пілі з яго ўсе.
 
I ўзьняўшы чашу, узьнёс хвалу, падаў ім, і пілі зь яе ўсе.

І сказаў ім: Гэта кроў мая новага закону, што за многіх будзе праліта.
 
I сказаў ім: «Гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх.

Сапраўды кажу вам, што ўжо ня піціму з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў валадарсьцьве Божым.
 
Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае ў Уладарстве Божым».

І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.
 
I, прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.

І гавора ім Езус: Усе вы з мяне згоршыцеся ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: Удэру пастыра й рассыплюцца авечкі (Зах. 13:7).
 
I кажа ім Ісус: «Усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: зьвераджу пастыра, і рассыплюцца авечкі.

Адыж потым, як згробуўстану, пайду перад вамі ў Галілею.
 
Але, як уваскросну, апярэджу вас у Галілеі».

Пётр-жа яму кажа: Усе згоршацца з цябе, толькі не я.
 
Пётра-ж сказаў Яму: «А хоць-бы й усе адступіліся, але ня я».

І сказаў яму Езус: Сапраўды гавару табе, што шчэ сяння ў гэту самую ноч, перш чым двойчы запяе певень, ты тры разы адрачэшся ад мяне.
 
I сказаў яму Ісус: «Папраўдзе кажу табе, што сёньня, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».

Адыж ён шчэ болей запэўняў: І хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з табою, не адракуся ад цябе. Гэтаксама і ўсе казалі.
 
Ён-жа яшчэ мацней запэўніваў, кажучы: «А хоць-бы давялося мне і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе»; гэтак гаварылі ўсе.

І прыйшлі ў сялібу, званую Гэтсэмані. І кажа вучням сваім: Пасядзеце тутака. пакуль я памалюся.
 
I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: «Пасядзеце тут, пакуль Я памалюся».

І бярэ з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, ды пачаў жахацца і тужыць.
 
I ўзяў з сабою Пятра, Якуба й Яна, і ўпаў у жах і тугу.

І гавора ім: Сумная душа мая аж да сьмерці, пабудзце гэтта, а ня сьпеце.
 
I кажа ім: «Тужыць душа Мая аж да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце».

І адыйшоўшыся крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.
 
I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі й маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго часіна гэтая.

Й гаварыў: Абба, Ойча! Для цябе ўсё магчымае, аддалі ад мяне гэты кіліх; адыж ня тое, што я хачу, але што ты.
 
I гаварыў: «Аўва-Войча! Усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, але як Ты».

І прыйшоў ды знайшоў іх сплючых. І кажа Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты й адненькай гадзіны вытрываць?
 
Вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: «Сымоне, ты сьпіш? Ня мог ты патрываць адну гадзіну?

Чуняйце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу. Дух-то бадзёры, але цела немачнае.
 
Чувайце й малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу: бо дух бадзёры, цела-ж немачнае».

Дый зноў адыйшоўшы маліўся тымі самымі славамі.
 
І ізноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі.

А вярнуўшыся, знайшоў іх зноў сплючых, вочы бо іх абцяжэлі, й ня ведалі, што яму сказаць.
 
А вярнуўшыся, ізноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму.

І прыйходзіць трэці раз ды кажа ім: Вы ўсё йшчэ сьпіце? Годзі! Прыйшла часіна. вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.
 
I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: «Вы ўсё яшчэ сьпіцё й спачываеце; досыць! Настала часіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.

Уставайце, пойдзем! Блізка вось той, што мяне выдасьць.
 
Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне».

І калі ён яшчэ гавырыў, прыйходзе Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, а з ім грамада вялікая з мячамі й кіямі ад архісьвятараў і кніжнікаў ды старшын.
 
I ў той час, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а зь ім вялікая грамада зь мячамі й кіямі, ад архісьвятароў і кніжнікаў і старшыняў.

А здраднік ягоны даў быў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, той і ёсьць, бярэце яго й вядзеце асьцярожна.
 
А прадажнік Яго даў ім знак, сказаўшы: «Каго я пацалую, — будзе Той; бярэце Яго й вядзеце асьцярожна».

І прыйшоўшы зараз-жа прыступіўся к яму ды кажа: Вітаю, Раббі! І пацалаваў яго.
 
I, прыйшоўшы, падступіў да Яго й сказаў: «Раббі, Раббі!» I пацалавау Яго.

Яны-ж налажылі на яго рукі ды ўзялі яго.
 
А яны налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.

Адзін-жа нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага й адцяў яму вуха.
 
Адзін-жа з тых, што стаялі там, выняўшы нож, ударыў архісьвятаровага слугу й адсек яму вуха.

Езус, азваўшыся, гавора ім: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі й кіямі ўзяць мя-не?
 
Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: «Нібы на разбойніка выйшлі вы зь мячамі й кіямі, каб Мяне ўзяць.

Штодня бываў я ў вас у сьвятыні навучаючы, і вы не ўзялі мяне.
 
Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, і навучаў, і вы ня бралі Мяне, але, няхай збудзецца Пісаньне».

Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, ўсе паўцякалі.
 
Тады, пакінуўшы Яго, усе разьбегліся.

Нейкі-ж юнак ішоў за ім, накінуўшы акрыцьцё панагаму; й таго схапілі,
 
Адзін-жа юнак ішоў за Ім, авінуўшыся пялёнаю па голым целе; і тыя схапілі яго.

але ён, пакінуўшы акрыцьцё, голы ўцёк ад іх.
 
Але ён, вывернуўшыся зь пялёны, голы ўцёк ад іх.

І прывялі Езуса к архісьвятару і зыйшліся ўсе першасьвятары і кніжнікі й старшыны.
 
I прывялі Ісуса да першага архісьвятара; і зыйшліся да Яго ўсе архісьвятары й кніжнікі й старшыні.

Пётр-жа здалёк ішоў за ім аж ў сярэдзіну дворышча архісвятара й сядзеў із слугамі ля вагню грэючыся.
 
Пётра-ж ішоў сьледам за Ім аж у панадворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні.

А першасьвятары ды ўся Рада шукалі проці Езуса свядоцтва, каб яго выдаць на сьмерць, і не знайходзілі.
 
Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі.

Многія бо выказвалі проці яго хвальшывае пасьветчанне, але ня былі згодныя тыя пасьветчанні.
 
Бо шматлікія ілжыва сьведчылі на Яго, але ня былі згодныя між сабою сьветчаньні тыя.

А некаторыя ўстаўшы крывасьветчылі проці яго, кажучы:
 
І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, і гаварылі:

Мы чулі, як ён гаварыў: Я развалю гэтую сьвятыню, рукамі збудаваную, а за тры дні іншую, нярукатворную, пастаўлю.
 
«Мы чулі, як Ён казаў: Я зруйную храм гэты, і ў тры дні пастаўлю іншы, нерукатворны».

Але й іхнія сьвядоцтвы не падходзілі.
 
Але й гэтыя сьветчаньні іхныя ня былі дастатковыя.

Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся, ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе закідаюць?
 
Тады архісьвятар, стаўшы пасяродку, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш, што яны сьведчаць супраць Цябе?»

Адыж ён маўчаў і нічога не адказваў. Дык ізноў спытаўся архісьвятар у яго і сказаў яму: Ці ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлёнага?
 
Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»

Езус-жа яму адказвае: Я, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божае й прыходзячага ў ваблакох нябесных.
 
Ісус-жа сказаў: «Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч сілы й прыходзячы на хмарах нябесных».

І архісьвятар, раздзіраючы адзеньне сваё, кажа: Навошта нам яшчэ патрэбны сьветкі?
 
Тады архісьвятар, разьдзёршы вопратку сваю, сказаў: «Нашто нам яшчэ сьветкі?

Вы чулі блюзнерства; як вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што варты сьмерці.
 
Вы чулі богазьнявагу? Як вам думаецца?» I тыя ўсе асудзілі, што Ён варты сьмерці.

Й пачалі некаторыя на яго пляваць і закрываць твар ягоны ды біць кулакамі, дражнячыся: Прароч! І слугі білі яго па шчоках.
 
I пачалі некаторыя пляваць на Яго і, закрываючы Яму аблічча, біць Яго й прыгаворваць: — Прароч! I слугі білі Яго па шчоках.

А калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прышла адна з прыслужніц архісьвятарскіх,
 
Пётра-ж быў унізе на падворку; і падыйшла адна з архісьвятаровых служанак.

і ўбачыўшы грэючагася Пятра, прыгледзялася яму й сказала: І ты-ж быў з Езусам Назарэнскім.
 
Убачыўшы Пётру, які грэўся пры агні, паўглядаўшыся ў яго, сказала: «I ты быў зь Ісусам Назаранінам».

Але ён выракся, кажучы: Ня ведаю й не разумею, што гаворыш. Ды выйшаў навонкі на прыдворышча, і засьпяваў певень.
 
Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю й не разумею, што ты гаворыш», — і выйшаў адтуль на прыдворышча.

Дзяўчына-ж ізноў, як убачыла яго, пачала казаць стаяўшым навокал: Гэты із іх.
 
Служанка-ж, убачыўшы яго ізноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: «Гэта зь іх».

Адыж ён другі раз выракся. І крыху счакаўшы тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: Сапраўды ты із іх, бо ты й Галілеец.
 
Ён-жа ізноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там ізноў пачалі гаварыць Пётры: «Запраўды ты зь іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная».

І аж пачаў клясьціся й прысягацца: Ня знаю чалавека гэнага, аб якім гутарыце.
 
Ён-жа пачаў бажыцца й клясьціся: «Ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце».

Тады певень запяяў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш, чым певень двойчы заспявае, ты тры разы ад мяне адрачэшся. Ды пачаў плакаць.
 
І ўраз прапяяў певень другі раз; і ўспомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш чым певень прапяе двойчы, ты адрачэшся ад Мяне тройчы»; і расплакаўся.