Псалтыр 146 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Альлелюя! Хвалі, душа мая, ГОСПАДА!
 

Хваліць буду ГОСПАДА, пакуль жыву; выслаўляць буду Бога майго, пакуль існую.
 

Не спадзявайцеся на магнатаў, на сына чалавечага, у якім няма выратаваньня!
 

Выйдзе дух з яго, і ён вернецца ў зямлю; у той самы дзень зьнікнуць і задумы ягоныя.
 

Шчасьлівы той, у каго Бог Якуба — дапамога, у каго надзея на ГОСПАДА, Бога ягонага,
 

Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім, Які захоўвае праўду на вякі,
 

Які ўчыняе суд для пакрыўджаных, дае хлеба галодным. ГОСПАД разьвязвае зьвязаных,
 

ГОСПАД расплюшчвае [вочы] сьляпых, ГОСПАД падымае прыгнечаных, ГОСПАД любіць праведных.
 

ГОСПАД захоўвае прыхадняў, дапамагае сіротам і ўдовам, але шлях бязбожнікаў блытае.
 

Валадарыць ГОСПАД на вякі; Бог твой, Сыёне, — з пакаленьня ў пакаленьне! Альлелюя!