Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой.
 

ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе!
 

Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.
 

Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне.
 

Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой.
 

Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.
 

Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня.
 

Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху.
 

Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.
 

Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю
 

праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў.
 

Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.
 

А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне.
 

Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара.
 

Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.
 

І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй,
 

бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй.
 

Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.
 

Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА,
 

бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю,
 

каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць,
 

каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме,
 

калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.
 

Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.
 

Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае!
 

Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.
 

Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца;
 

а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца!
 

Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».