Псалтыр 41 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
 

Шчасьлівы той, хто гаротных разумее; у дзень ліхі ГОСПАД збавіць яго.
 

ГОСПАД захавае яго і дасьць яму жыць; ён будзе шчасьлівы на зямлі, і Ты не аддасі яго на волю ворагаў ягоных.
 

ГОСПАД умацуе яго на ложку немачы; увесь ложак ягоны Ты пераменіш у немачы ягонай.
 

Я сказаў: «ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною! Вылечы душу маю, бо я саграшыў перад Табою».
 

Ворагі мае кажуць ліхое пра мяне: «Калі ж ён памрэ, і будзе зьнішчана імя ягонае?»
 

І калі хто прыйдзе пабачыць мяне, гаворыць марнае, сэрца ягонае напаўняецца зласьлівасьцю, і як выйдзе, гаворыць [гэта].
 

Разам [сабраўшыся], шэпчуцца супраць мяне тыя, што ненавідзяць мяне, выдумляючы ліхое на мяне:
 

«Слова Бэліяла вылілася на яго; калі ён зьлёг, больш ня ўстане!»
 

Нават чалавек супакою майго, на якога я спадзяваўся, які еў хлеб мой, падняў на мяне пяту.
 

А Ты, ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся нада мною і падымі мяне, каб я аддаў ім [адплату]!
 

З таго я пазнаю, што Ты зычлівы да мяне, калі вораг мой радасна гукаць ня будзе,
 

але ў беззаганнасьці маёй Ты падтрымаеш мяне і паставіш мяне перад абліччам Тваім на вякі.
 

Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі. Амэн, амэн!