Псалтыр 59 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на лад “Не загубляй!” Залатая песьня Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом [ягоны], каб яго забіць.
 

Выратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! Ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.
 

Выратуй мяне ад злачынцаў і збаў мяне ад людзей крывавых.
 

Бо вось, яны пільнуюць у засадзе душу маю, зьбіраюцца супраць мяне моцныя, і не за правіну маю, і не за грэх мой, ГОСПАДЗЕ!
 

Без [ніякай] віны маёй яны зьбягаюцца і шыхтуюцца [супраць мяне]. Збудзіся, выйдзі на спатканьне мне і паглядзі!
 

Ты Сам, ГОСПАДЗЕ, Бог Магуцьцяў, Бог Ізраіля, абудзіся, каб наведаць усе народы! Ня мей літасьці для ўсіх ліхадзеяў і злачынцаў! (Сэлях)
 

Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.
 

Вось, пена [спадае] з пашчаў іхніх, у вуснах іхніх — мячы, бо [кажуць яны]: "Хто гэта чуе?"
 

Але Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш сьмяяцца з іх, Ты будзеш кпіць з усіх паганаў!
 

Моц Тваю буду шукаць у Табе, бо Бог — умацаваны замак мой!
 

Бог, Які міласэрны да мяне, у міласэрнасьці Сваёй сустрэне мяне; Бог дасьць мне ўгледзець [перамогу] над ворагамі маімі.
 

Не забівай іх, каб не забыўся народ мой! Захістай іх сілаю Тваёй і павалі іх, Госпадзе, шчыце наш!
 

Грэх вуснаў іхніх — словы на губах іхніх. Няхай яны будуць злоўлены ў фанабэрыстасьці сваёй за праклёны і ману, якія абвяшчаюць.
 

Зьнішчы іх у ярасьці, зьнішчы, няхай іх ня будзе, і няхай ведаюць, што Бог у Якубе пануе да канцоў зямлі! (Сэлях)
 

Увечары яны вяртаюцца, выюць, быццам сабакі, і горад абыходзяць наўкола.
 

Бадзяючыся, бадзяюцца яны, каб што зьесьці; і не насыціўшыся, будуць жыць.
 

А я буду сьпяваць пра моц Тваю і раніцаю буду радавацца дзеля міласэрнасьці Тваёй, бо Ты стаўся для мяне ўмацаваным замкам і прытулкам у дзень уціску майго.
 

Сіла мая, Цябе буду выслаўляць, бо Ты, Божа — умацаваны замак мой, Бог мой міласэрны!