Псалтыр 108 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сьпеў. Псальм Давіда.
 

Умацаванае сэрца маё, Божа! Буду сьпяваць і выслаўляць [Цябе] ў славе маёй!
 

Збудзіцеся, псалтыр і гусьлі! Я пабуджу сьвітаньне!
 

Буду славіць Цябе сярод людзей, ГОСПАДЗЕ, і буду выслаўляць Цябе сярод народаў,
 

бо па-над неба вялікая міласэрнасьць Твая, і праўда Твая — да аблокаў.
 

Узьвялічся па-над неба, Божа, і па-над усёй зямлёй [няхай будзе] слава Твая!
 

Каб былі ўратаваныя ўмілаваныя Твае, збаў правіцай Тваёй і адкажы мне!
 

Бог сказаў у сьвятасьці Сваёй: «Я ўзрадуюся! Я падзялю Сыхем і даліну Сукот разьмераю.
 

Мой Гілеад, Мой Манаса, і Эфраім — моц галавы Маёй! Юда — заканадаўца Мой!
 

Мааў — міса для мыцьця Майго; на Эдом кіну сандалы Мае; над [зямлёй] Філістынскай радасна гукаць буду!»
 

Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто завядзе мяне ў Эдом?
 

Ці ж ня Ты, Божа, нас пакінуў і не выходзіш, Божа, з войскамі нашымі?
 

Дай нам успамогу ў прыгнечаньні [нашым], бо марны ратунак чалавечы.
 

З Богам мы зьявім сілу, і Ён растопча прыгнятальнікаў нашых.