Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Малітва нешчасьлівага, калі ён ные й прад Богам свой сум вылівае.
 

Госпадзе, пачуй малітву маю, і плач мой дойдзе да Цябе!
 

Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень тугі маёй; прыхіліТваё вуха ка мне, калі клічу; борзда мяне Ты выслухай.
 

Бо зьніклі, як дым, мае дні, і косьці мае як на горне апалены.
 

Абгарэла ды высахла сэрца маё, як трава, ажно хлеб свой я есьці забываюся.
 

Ад галоснага стагнаньня майго косткі мае да цела ліпнуць.
 

Я падобны да пэлікана ў пустыні, да савы, што сярод руіны.
 

Сну мне няма, і наракаю, як птушка на страсе адзінокая.
 

Усьцяж зьняважаюць мяне маі ворагі; і тыя, што супраць мяне паўстаюць, праклінаюць мяне.
 

Ем я попел за хлеб і напой мой з сьлязамі мяшаю
 

праз гнеў Твой і абурэньне; бо падняў Ты мяне ды вон кінуў.
 

Маі дні, быццам цені, зьнікаюць, і сохну я, быццам трава.
 

А Ты, Госпадзе, будзеш навекі, і памяць Твая з роду ў род.
 

Ты паўстанеш, над Сыонам зьлітуешся, бо пара дараваці яму, бо настаў назначаны час.
 

Бо рабы Тваі палюбілі й камні ягоныя ды плачуць над руінамі яго.
 

І ўбаяцца пагане іменьня Гасподняга, і цары ўсе зямныя — славы Тваёй,
 

бо адбудаваў Госпад Сыон і зьявіў Сябе ў славе Сваёй.
 

Да малітвы нагога прыхіліўся Ты і маленьнем іх не пагрэбаваў.
 

Хай запісана гэтае будзе пакаленьнем патомным, і народ, што народзіцца, няхай Госпада хваліць,
 

бо Ён глянуў з сьвятое Сваёй вышыні, глянуў Госпад з нябёсаў на землю,
 

каб пачуць стагнаньне вязьня, каб на сьмерць празначаных вызваліць,
 

каб імя Госпада на Сыоне абвяшчалі, а славу Яго — ў Ерузаліме,
 

калі разам зьбяруцца народы і царствы, каб Госпаду паслужыці.
 

Змардаваў у дарозе Ён сілу маю, скараціў дні жыцьця майго.
 

Кажу я: Мой Божа, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты Твае з роду ў род!
 

Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба ёсьць твор Тваіх рук.
 

Яны згінуць, Ты-ж астанешся; як шаты, струхлеюць яны, як вопратку іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца;
 

але Ты — ўсё Той самы, летам Тваім нет канца!
 

Сыны рабоў Тваіх будуць жыці, і насеньне іх будзе ўсьцяж прад Табою.