Псалтыр 48 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Песьня: псальм сыноў Карэявых.
Вялік Госпад і вельмі хвалёны ў месьце нашага Бога, на сьвятой гарэ Яго.
Як аздоба для ўсенькай зямлі, узьнімаецца гара Сыонская; на краю паўночным места вялікага Цара.
Бог у харомах ягоных вядомы, як крэпасьць яго.
Бо вось сабраліся цары і грамадай падходзілі разам,
ды, паглядзеўшы, здумеліся; спалохаўшысь, у жаху ўцяклі.
Напаў на іх жах, трапятаньне, як-бы ў жанкі, што раджае.
Ты ветрам усходнім крышыш караблі Тырсыйскія.
І чулі мы гэта, і бачылі ў месьце Госпада сілаў нябесных, у месьце нашага Бога: Бог навекі яго ўмацаваў. (Зэля)
Аб міласэрнасьці Тваёй разважаем, о Божа, пасярод сьвятыні Тваёй.
Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая разьляглася да ўзьмежкаў зямлі; правіца Твая справядлівасьцяй поўніцца.
Дзеля судоў Тваіх, Госпадзе, гара Сыонская радуецца, весяляцца дачкі Юдэйскія.
Пайдзеце наўкола Сыону, абайдзеце яго і вежы яго палічыце,
прыгледзьцеся к валам ягоным, агледзьце харомы яго, каб наказаць пакаленьням, што будуць;
бо гэты Бог ёсьць наш Бог навекі. Ён будзе нам павадыром аж да сьмерці.