Псалтыр 98 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм.Сьпявайце Госпаду песьню новую, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Яго і сьвятое плячо Яго здабылі Яму перамогу.
 

Госпад спасеньне Сваё аб’явіў, прад вачыма народаў адкрыў праўду Сваю.
 

Прыпомніў Ён ласку Сваю і вернасьць для дому Ізраіля; усе ўзьмежкі зямлі збаўленьне Бога нашага ўгледзілі.
 

Сьпявайце Госпаду, усенька зямля! радуйцеся і ў песьні хвалеце!
 

Выслаўляйце Госпада на гусьлях, на гусьлях і галосным пяяньнем!
 

На трубах і гукам рагоў спраўляйце ўрачыстасьць прад Царом Госпадам!
 

Няхай мора гудзе і ўсё, што яго напаўняе, сусьвет і што ў ім жыве!
 

Няхай ляскаюць далонямі рэкі, і горы ўсе радуюцца
 

перад абліччам Госпада, бо йдзе Ён судзіці зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць справядліва і народы па праўдзе.