Псалтыр 139 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: псальм Давідавы.Госпадзе, Ты мяне выспрабаваў і Ты мяне ведаеш!
 

Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю; ды здалёк разумееш думкі мае.
 

Ці я хаджу, ці ляжу, Ты пры мне, усе дарогі мае Табе ведамы.
 

Бо няма йшчэ слова на маім языку, а Ты, Госпадзе, ведаеш добра ўсё.
 

Ззаду і сьпераду абняў Ты мяне і руку Тваю на мяне паклаў.
 

Лішне дзіўнае веданьне, лішне высака для мяне, не магу яго сьцяміць!
 

Куды мне йсьці ад духа Твайго і куды ўцячы ад аблічча Твайго?
 

Калі-б я на неба ўзышоў, Ты там; калі-б ложам пекла зрабіў, — Ты й тама!
 

Калі-б крыльле ў сьвітаньня я ўзяў і на самым канцы мора асеў,
 

дык рука Твая вадзіла б мяне, а правіца Твая трымала-б мяне.
 

Калі-б я сказаў: Няхай цемра пакрые мяне, і ночкай хай станецца сьветласьць навокал мяне,
 

дык і цемра цёмнай ня была-б для Цябе, і ночка ясьнела-б, як дзень; цемра, як і сьвятло.
 

Бо Ты стварыў нутро маё, выткаў мяне ў чэраве матчыным.
 

Хвалю Цябе за тое, што я гэтак дзіўна збудованы; дзіўныя ўчынкі Тваі, і душа мая ведае добра.
 

Ня былі ўкрыты косьці мае прад Табою, калі я тварыўся ў укрыцьці, таёмна складаўся ў глыбінях зямлі.
 

Вочы Твае бачылі мяне, калі быў я йшчэ бяскшталтным зародкам; дні былі вызначаны і ў кнізе Тваёй запісаны ўсе, калі йшчэ ніводнага з іх ня было.
 

Як-жа важкі, о Божа, думкі Твае для мяне, ды якая вялікая безьліч іх!
 

Калі-б захацеў я іх палічыць, дык іх больш, чым зярнятак пяску. Я буджуся, і я йшчэ з Табою.
 

О, каб-жа Ты, Божа, пабіў-бы бязбожнікаў, каб крывапіўцы ад мяне адступіліся вон!
 

Яны падступна супраць Цябе паўстаюць; ашуканства выдумляюць ворагі Тваі.
 

Ці-ж ня мушу я й тых ненавідзець, о Госпадзе, што ненавідзяць Цябе, і брыдзіцца тымі, што на Цябе паўстаюць?
 

Ненавісьцяй поўнай я іх ненавіджу, іх лічу за ворагаў і для мяне.
 

Выспрабуй, Божа, мяне і сэрца маё Ты пазнай, мяне выспрабуй Ты і пазнай мае думкі!
 

І зірні, ці ня йду супаратнай дарогай, і на шлях вечны скіруй Ты мяне!