Псалтыр 6 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору: на васьміструнным. Псальм Давідавы.
 

Госпадзе! У гневе Сваім не асудзі мяне і ў ярасьці Сваёй не карай мяне!
 

Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я нядужы; вылячы мяне, Госпадзе, бо нутро маё ўстрывожана,
 

і душа мая вельмі спалохана. Ты-ж, Госпадзе, дакуль?
 

Агляніся, Госпадзе, вырві душу маю, спасі мяне дзеля ласкавасьці Тваёй!
 

Бо ў сьмерці няма памяці аб Табе, і ў магіле хто-ж бы Славіў Цябе?
 

Я замарыўся ад уздыханьня; што-ноч паліваю я ложак мой, сьлязамі паліваю пасьцель маю.
 

Ад тугі запала вока маё, састарэлася ад множства перасьледавацеляў маіх.
 

Адступіцеся вон ад мяне, ўсе злачынцы! Бо Госпад пачуў голас плачу майго.
 

Госпад выслухаў маленьне маё; Госпад прыймае малітву маю.
 

Асаромлены будуць ворагі мае ды крэпка ўстрывожаны: яны павернуцца назад і мігам будуць асаромлены.