Псалтыр 31 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне!
Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу!
Бо Ты — скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці.
Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты — абарона мая.
У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы!
Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада!
Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй.
Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор.
Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё.
Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае.
Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага.
Чуў я словы нягодныя ад многіх, — жах наўкола! — як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё.
Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог!
У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх!
Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю!
Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле,
няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць!
Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей!
Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых.
Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы!
А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе!
Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам.
Будзьце мужны і крэпкія духам — усе, што чакаеце на Госпада!