Псалтыр 45 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору із сыноў Карэявых навука: на ліры шасьціструннан. Песьня вясельная.
Сэрца маё пераліваецца ад словаў прыемных. Я кажу: песьня мая — пра цара. Язык мой, як пёрка лоўкага пісара.
Ты харашэй за ўсіх сыноў чалавечых! Ласкавасьць ліецца із вуснаў тваіх! Дык багаславіў цябе Бог за гэта навекі.
Аперажы, волаце, паясьніцу тваю мячом і сілай тваёй і красой!
Ідзі, змагайся за праўду й лагоднасьць, і правіца твая навуча цябе дзівачынаў.
Вострыя стрэлы твае, ад іх палягуць народы, і праткнуць яны сэрцы ворагам царавым.
Пасад Твой, о Божа, навекі! Кій справядлівасьці — бэрла царства Твайго.
Ты праўду любіш, ненавідзіш бяспраўе; за гэта-ж і Бог, Твой Бог, алеем радасьці памазаў цябе панад сябрамі Тваімі.
Усе шаты Твае — быццам міра, алёэ і касья; у хорамах з косьці сланёвае ігра струнная цябе пацяшае.
Дочкі царавы між улюбёнымі Тваімі; малжонка стаіць праваруч Цябе ў золаце із Офіру.
Пачуй, дочка, і глянь ды прыхіль тваё вуха, і забудзь ты народ твой і дом бацькі твайго.
І калі Цар красы тваёй зажадае, ты сукланіся яму, бо ён — пан твой.
І, дочка Тыру, з дарамі найбагацейшы з народу будзе аб тое рупіцца, каб здабыць прыхільнасьць тваю.
Найпрыгажэйша цароўна ў сабе, з золата тканы шаты яе.
У вопратках пышных вядуць яе да Цара; за ёй дружак-дзяўчатак вядуць да Цябе.
Іх вядуць у радасьці, вясёлых, і ўваходзяць яны ў хорам Царавы.
Заміж айцоў Тваіх будуць сыны Твае; іх князямі па ўсенькай паставіш зямлі.
Імя Тваё Я зроблю памятным з роду ў род; і будуць народы славіць навекі Цябе.