Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Маленне гаротніка, які, спакутаваны, вылівае тугу сваю перад Богам.
 

Госпадзе, выслухай маю малітву, і хай кліч мой дойдзе да Цябе.
 

Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у які б дзень ні бедаваў я, нахіні да мяне вуха Тваё. У які б дзень ні прызваў Цябе, хутка выслухай мяне.
 

Бо дні мае зніклі, як дым, і косці мае згарэлі, як вецце.
 

Звяла, як сена, і высахла сэрца маё, бо забыўся я спажыць хлеб мой.
 

Ад голасу стогну майго прысохла шкура мая да касцей.
 

Стаўся я падобным да пустыннага пелікана, стаўся я, як сава ў руінах.
 

Страціў я сон і стаўся, быццам самотны верабей на страсе.
 

Цэлы дзень зневажалі мяне мае непрыяцелі, якія, распаляючыся супраць мяне, пракліналі мяне.
 

Бо еў я попел, як хлеб, а пітво маё мяшаў са слязамі
 

з прычыны гневу і раздражнёнасці Тваёй, бо, узнёсшы, Ты скінуў мяне.
 

Дні мае, як цень, сышлі, і я, як трава, высах.
 

Але Ты, Госпадзе, трываеш век, і памяць Твая — на ўсе пакаленні.
 

Ты, паўстаўшы, злітуешся над Сіёнам, бо час злітавацца над ім, бо надышоў час,
 

бо спадабаліся слугам Тваім каменні яго, і шкада ім парахна яго.
 

І паганы будуць шанаваць імя Тваё, Госпадзе, а ўсе цары зямлі — славу Тваю.
 

Бо збудаваў Госпад Сіён і з’явіўся ў славе Сваёй.
 

Звярнуў увагу Ён на малітву ўбогага, і не выказаў пагарды да просьбаў іх.
 

Трэба гэта спісаць для наступнага пакалення, і народ, які будзе сабраны, будзе хваліць Госпада.
 

Бо паглядзеў з высокага свяцілішча Свайго, Госпад з неба зірнуў на зямлю,
 

каб пачуць стогны ўвязненых, каб развязаць сыноў смерці,
 

каб абвяшчалі на Сіёне імя Госпада, а хвалу Яго — у Ерузаліме,
 

калі будуць сабраныя разам народы і каралеўствы, каб служыць Госпаду.
 

Прынізіў Ён на шляху магуцце маё, скараціў дні мае.
 

Я скажу: «Божа мой, не прымай мяне ў палавіне дзён маіх; Твае гады трываюць праз усе пакаленні.
 

Напачатку заснаваў Ты зямлю; і неба — стварэнне рук Тваіх.
 

Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць, і Ты скруціш іх, і яны пераменяцца,
 

а Ты Той самы, і гады Твае не скончацца.
 

Сыны Тваіх слуг будуць жыць, і патомства іх перад абліччам Тваім будзе ўмацоўвацца».