Псалтыр 66 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Песня. Псальм. Усклікайце радасна да Бога, кожная зямля,
псальм спявайце славе імя Яго, услаўляйце славу Яго.
Кажыце Богу: «Якія ж [неспасцігальна] страшныя справы Твае!» Дзеля велічнасці моцы Тваёй будуць падлашчвацца да Цябе непрыяцелі Твае.
Кожная зямля паклоніцца Табе і будзе спяваць псальмы Табе, праспявае псальм імю Твайму.
Прыйдзіце і паглядзіце на справы Божыя, [неспасцігальна] страшны Ён у вынаходніцтвах над сынамі чалавечымі!
Пераўтварыў Ён мора ў сушу, і па рацэ перайдуць пехатою; там узвесялімся мы ў Ім.
Ён валадарыць у магуцці Сваім вечна, вочы Яго пазіраюць на народы, бунтаўнікі хай не ўзвышаюцца самі ў сабе.
Дабраславіце, народы, Бога нашага, і ўчыніце, каб пачуты быў голас хвалы Яго;
Ён прыклаў душу нашу да жыцця і не выдаў на хістанне ногі нашы.
Бо Ты праверыў нас, Божа наш, агнём нас выпрабаваў, як выпрабоўваюць срэбра.
Увёў Ты нас у пастку, усклаў беды на спіну нашу.
Насадзіў Ты людзей на галовы нашы, прайшлі мы праз агонь і ваду, і вывеў Ты нас да палёгкі.
Увайду я ў дом Твой з цэласпаленнямі; аддам Табе абяцанні мае,
якія прараклі вусны мае і прамовіў язык мой у бядзе маёй.
Тлустыя цэласпаленні прынясу я Табе з ахвяраваннем бараноў, прынясу Табе быкоў з казламі.
Прыйдзіце, паслухайце, што я распавяду, вы ўсе, што шануеце Бога, — што ўчыніў Ён для душы маёй.
Да Яго паклікаў я вуснамі маімі і ўзвялічыў языком маім.
Калі ж схіліўся б я да несправядлівасці ў сэрцы сваім, то не выслухае Госпад.
Таму выслухаў Бог, звярнуў увагу на маленне маё. малітвы маёй і [не аддаліў] міласэрнасці Сваёй ад мяне.