Псалтыр 16 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Міктам Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я на Цябе спадзяюся.
 

Сказаў я Госпаду: «Ты — Госпад мой, няма для мяне дабра без Цябе».
 

Да святых, што ёсць на зямлі, да слаўных Тваіх, — да іх усё памкненне маё.
 

Памнажаюцца смуткі тых, якія спяшаюцца ўслед за чужымі багамі. Не буду складаць ім ахвяры крывавай і не назаву іх імёнаў вуснамі маімі.
 

Госпад — доля спадчыны маёй і келіха майго: Ты той, Хто трымае лёс мой.
 

Межы мае выпалі ў [месцах] прыемных, і спадчына мая — выдатная для мяне.
 

Дабраслаўляю я Госпада, Які надае мне разуменне, звыш таго, і па начах навучае мяне нутро маё.
 

Ставіў я Госпада перад вачамі маімі заўсёды; калі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.
 

Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё і ўзвесялілася душа мая; звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.
 

Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі святому Твайму ўбачыць парахненне.
 

Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго, асалода вечная ў правіцы Тваёй.