Псалтыр 146 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Алілуя. Хвалі, душа мая, Госпада,
 

буду хваліць Госпада пры жыцці маім, буду спяваць псальмы Богу майму, колькі жыць буду.
 

Не ўскладайце надзею на князёў, на сына чалавечага, у якіх няма збаўлення.
 

Выйдзе дух яго і вернецца ён у сваю зямлю, у гэты дзень загінуць усе намеры яго.
 

Шчасны той, каму Бог Якубаў успаможца, чыя надзея ў Госпадзе Богу сваім,
 

Які стварыў неба і зямлю, і мора ды ўсё, што ў іх ёсць; Які пільнуецца праўды вечна,
 

чыніць суд прыгнечаным, дае ежу тым, што прагнуць. Госпад вызваляе вязняў.
 

Госпад прасвятляе сляпых, Госпад выпрастоўвае сагнутых, Госпад любіць справядлівых.
 

Госпад апякуецца прыхаднямі, падтрымлівае сірату і ўдаву і знішчае дарогу грэшнікаў.
 

Госпад валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.