Псалтыр 44 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Корэ. Маскіль.
 

Божа, на свае вушы мы пачулі; нашы бацькі нам расказалі пра справу, якую ўчыніў Ты ў дні іх, у дні даўнейшыя.
 

Ты рукой Тваёю прагнаў паганаў і насадзіў іх, вынішчыў народы і памножыў іх.
 

Бо яны не сваім мячом завалодалі зямлёю і не іх плячо збавіла іх, а Твая правіца, і плячо Тваё, і святло аблічча Твайго, бо Ты іх узлюбіў.
 

Ты — Валадар мой і Бог мой, Які даруеш збаўленне Якубу.
 

З Табою мы праганялі непрыяцеляў нашых і ў імя Тваё стапталі паўстаючых супраць нас.
 

Бо не ў сваім луку я ўпэўнены быў, і не меч мой збаўляў мяне.
 

Але Ты збавіў нас ад нападнікаў нашых і тых, што ненавідзелі нас, Ты пасарамаціў.
 

Цэлы дзень мы будзем пахваляцца Богам і будзем вызнаваць імя Тваё вечна.
 

Цяпер жа адпіхнуў Ты нас і пасарамаціў нас і не будзеш выступаць, Божа, побач з дабрадзейнасцямі нашымі.
 

Павярнуў Ты нас на ўцёкі перад непрыяцелямі нашымі; і тыя, што ўзненавідзелі нас, разрабавалі для сябе.
 

На ўбой выдаў Ты нас, быццам авечак, ды між народаў расцерушыў Ты нас.
 

Народ Свой прадаў Ты за марную плату і не шмат здабыў Ты, прадаўшы яго.
 

Ты выставіў нас на ганьбу нашым суседзям, на пагарджанне і на пасмешышча тым, што жывуць навокал нас.
 

Ты выставіў нас, як прыказку між паганамі, на пагардлівае ківанне галавою між народамі.
 

Няслава мая цэлы дзень перада мною, і сорам твару майго агарнуў мяне
 

ад голасу таго, хто ўпікае мне і ўзводзіць паклёп на мяне, ад аблічча непрыяцеля і ката.
 

Усё гэта найшло на нас, мы, аднак, не забыліся пра Цябе і не ўчынілі несправядлівасці ў адносінах да запавету Твайго.
 

Усё ж не адступілася назад сэрца наша і ногі нашыя не збочылі са сцежкі Тваёй;
 

але Ты ўпакорыў нас у месцы лісіным і прыкрыў нас ценем смерці.
 

Калі б мы забыліся імя Бога нашага і калі б працягнулі рукі да боства чужога,
 

ці ж бы Бог не спытаў бы з нас за гэта? Ён жа пазведаў таямніцы сэрца.
 

Бо дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз.
 

Прабудзіся, чаму дрэмлеш, Госпадзе? Прачніся і не пакідай [нас] да канца!
 

Чаму адварочваеш аблічча Сваё, забываешся пра гора наша і бяду нашую?
 

Бо ўпакорана ў попеле душа наша, цесна звязана з зямлёю чэрава наша.
 

Паўстань, Госпадзе, падтрымай нас і адкупі нас дзеля міласэрнасці Тваёй.