Псалтыр 81 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Кіраўніку хору. Паводле «Выціскальняў». Асафа.
Радуйцеся Богу, Успаможцу нашаму, гучна ўслаўляйце Бога Якубава.
Вазьміце псалтыр і дайце бубен, мілагучныя гуслі з цытрай.
Трубіце ў трубы на маладзік, у поўню, у дзень свята нашага.
Бо ёсць пастанова ў Ізраэлі, прыказанне ў Бога Якубава.
Ён пастанавіў гэта, як сведчанне для Язэпа, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай; мову, якой не ведаў, пачуў ён:
Я вызваліў ад цяжару спіну яго, рукі яго пазбыліся каша.
Прызываў ты Мяне ў бядзе, і Я выратаваў цябе, пачуў цябе ў сховах навальніцы, выпрабаваў цябе пры вадзе Мэрыбы.
Слухай, Мой народзе, буду клікаць цябе ў сведкі: «Ізраэль, каб толькі ты паслухаў Мяне!»
Не будзе ў цябе бога чужога, і не будзеш ты пакланяцца богу іншаземнаму:
Але Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай! Адкрый вусны свае, і Я напоўню іх.
Але не паслухаў Мой народ голасу Майго, і Ізраэль не звярнуўся да Мяне.
Таму пакінуў Я іх паводле закамянеласці сэрца іх, будуць хадзіць яны ў сваіх намерах.
О, каб народ Мой Мяне паслухаў, каб Ізраэль хадзіў па Маіх дарогах!
Неўзабаве Я ўпакорыў бы непрыяцеляў яго і накіраваў бы руку Маю супраць прыгнятальнікаў яго.
Непрыяцелі Госпадавы ліслівілі б перад ім, і доля іх была б навечна.
І карміў бы Я іх адборнай пшаніцай і насычаў бы іх мёдам са скалы.