Псалтыр 102 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
Малітва прыгнечанага, калі ён зьнямагае і вылівае сваю жа́льбу перад Яговам.
Ягова, пачуй маю малітву, няхай дойдзе да Цябе маё галашэньне!
Ня хавай Аблічча Свайго ад мяне ў дзень майго бядаваньня. Прыхілі да мяне Вуха Тваё. У дзень, калі я клічу, Ты хутка адкажы мне,
бо дні мае зьнікаюць, як дым, і косткі мае гараць, як вугольле.
Сэрца маё пабíта і высахла, як трава, ажно я забываюся есьці мой хлеб.
Ад голасу майго стагнаньня прыліпаюць косткі мае да майго цела.
Я стаўся падобным да пэлікана ў пустэльні або да савы ў руінах.
Я ня сьплю і стаўся, як самотная птушка на даху.
Цэлы дзень зьняважаюць мяне мае ворагі; і тыя, што шалеюць супраць мяне, клянуць мяне;
бо ем я попел, як хлеб, і пітво маё я мяшаю са сьлязьмі
ад Абурэньня Твайго і Гневу Твайго, бо Ты падняў мяне і кінуў мяне долу.
Дні мае зьнікаюць, як цень, і я, я сохну, як трава.
Але Ты, Ягова, прабываеш вечна, і памяць Твая (трывае) з роду ды ў род.
Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо надыйшоў час аказаць яму міласэрнасьць, бо надыйшоў вызначаны час,
бо слугі Твае ўзьлюбілі (нават) камні ягоныя, і яны носяць сум аб развалінах ягоных.
І ўбаяцца пагане Імені Яговы, і ўсе каралí зямлі — славы Тваёй;
бо збудуе Ягова Сыён, зьявіцца ў Славе Сваёй.
Ён прыхінецца да малітвы галечы, і ня пакіне бяз увагі малітву іхную.
Гэта будзе напісана роду наступнаму. І народ, які будзе створаны, будзе славіць Ягову;
бо Ён глянуў з вышыні Свайго Сьвяцілішча. Ягова глядзіць зь нябёсаў на зямлю,
каб пачуць стагна́ньне вязьня і вызваліць сыноў сьмерці,
каб абвяшчалі Імя Яговы на Сыёне і Хвалу Ягоную ў Ярузаліме,
калі зьбяруцца народы разам і каралеўствы, каб служыць Ягове.
«Ён змардаваў у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.
Я кажу: Божа мой! Ня забяры мяне ў палове дзён маіх.» — «Гады Твае трываюць ад пакаленьня да пакаленьня.
Напачатку Ты заснаваў зямлю, і нябёсы ёсьць Справа Рук Тваіх.
Яны загінуць, а Ты застанешся. І ўсе яны састарэюць, як вопратка; Ты пераменіш іх, як вопратку, і яны пераменяцца.
Але Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца.
Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхнае ўмацуецца перад Абліччам Тваім.»