Псалтыр 73 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Псальм Асапавы. Сапраўды, Бог добры да Ізраэля, да тых, што чыстыя сэрцам.
 

А я, ногі мае ледзь ня пахіснуліся; амаль пакаўзну́ліся стопы мае;
 

бо я пазайздросьціў пыха́тым, як я пабачыў дабрабыт бязбожнікаў;
 

бо няма ім гора аж да сьмерці, і тлустае чэрава іхнае.
 

Яны жывуць ня ў бядзе, як іншыя людзі, і ня церпяць яны бічаваньняў разам зь людзьмі.
 

Таму пыха ёсьць іхным нашыйнікам, і гвалт, як адзеньне, пакрывае іх.
 

Вылупіліся ад туку вочы іхныя. Пераліваюцца цераз край жадобы сэрца іхнага.
 

Яны зьняважаюць і зласьліва абмаўляюць. Пра ўціск яны гавораць звысака.
 

Да неба яны ўзьнімаюць рот свой, язык іхны расхаджвае па зямлі.
 

Таму туды ж зварача́ецца і народ Ягоны, і пье поўніцай іхныя воды.
 

І яны кажуць: «Як можа ведаць аб гэтым Бог? І ці мае Ўсявышні веданьне?»
 

Вось! Гэтыя ёсьць бязбожнікі, і яны заўсёды бясклапотна памнажаюць багацьце.
 

Сапраўды, я марна ачышчаў маё сэрца ды ў нявіннасьці ру́кі мае абмываў;
 

І (марна) я ўвесь дзень быў бічаваны і дысцыплінаваны кожную раніцу.
 

Калі б я сказаў: «Я буду гаварыць (як яны),» дык, я здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.
 

І я задумаўся, як гэта зразумець. Гэта было цяжка ў вачах маіх —
 

пакуль я ні ўвайшоў у Сьвятыню Бога і ні зразумеў іхнага канца.
 

Сапраўды, Ты паставіў іх на коўзкія шляхі. Ты пакінуў іх па́даць у пагібель.
 

Як зьнянацку яны сталіся спустошанымі, яны счэзлі, яны прынялі канец ад жахаў!
 

Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, мой Госпадзе, падняўшыся, пагрэбуеш вобразам іхным.
 

Калі сэрца маё было напоўнена горыччу і трымцела нутро маё,
 

тады я быў няразумны і нічога ня цяміў. Я быў перад Табой, як жывёліна.
 

Але заўжды я з Табою. Ты трымаеш маю правую руку́.
 

Ты вядзеш мяне радай Тваёй, і потым прыймеш мяне ў Тваю славу.
 

Каго маю я на Нябёсах? І з Табою я нічога ня жадаю на зямлі.
 

Зьнемагае цела маё і сэрца маё, Скалой сэрца майго і Часткай маёй ёсьць Бог навечна;
 

бо вось, тыя, што далёка ад Цябе, загінуць; Ты губіш усіх, хто, блудзячы, адступае ад Цябе.
 

Але я, блізкасьць Бога ёсьць для мяне дабро. Я зрабіў маім прытулкам Ягову, майго Госпада, каб абвяшчаць усе ўчынкі Твае.