Псалтыр 55 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Навука Давідава.
 

Божа! Нахілі Вуха да малітвы маёй і ня ўхіляйся ад маленьня майго!
 

Зваж на мяне і выслухай мяне! Я раздумваю ў маёй жалобе і стагну
 

ад крыку ворага, ад уціску бязбожніка, бо яны наводзяць на мяне бяззаконьне і злосна варагуюць супраць мяне.
 

Сэрца маё трапе́ча ўва мне, і напаў ня мяне жах сьмяротны.
 

Страх і дрыжаньне найшлі на мяне, і жах ахапляе мяне.
 

І я сказаў: «О, каб я меў крыльле, як галубка! я адляцеў бы і супакоіўся!
 

Так! я адляцеў бы далёка і застаўся б у пустэльні». Зэля.
 

Я сьпешна схаваўся б ад буйнага ветру і ад буры.
 

Зьнішчы (іх) мой Госпад! струшчы іхныя языкі! бо я бачу гвалт і згрызоты ў месту.
 

Дзень і ноч яны ходзяць вакол яго (места) па ягоных мура́х. Бяззаконьне і мардоўная праца ўнутры яго.
 

Гора ў сярэдзіне яго, гнёт і ашу́ка ня сканчаюцца на плошчы ягонай.
 

Бо ня вораг мяне зьняважае, гэта я перанёс бы; і ня нянавісьнік, які ўзвышаецца перада мной, ад яго я схаваўся б;
 

але (ты) чалавеча, як я, мой сябра і мне блíзкі,
 

зь якім мы разам звычайна мелі любасныя адносіны, у Дом Божы хадзілі сярод урачыстага натоўпу.
 

Хай сьмерць нападзе на іх! хай яны жывымі зыйдуць у край сьмерці, бо злачынства ў сялібах іхных, і ў нутры іхным.
 

Я, я клічу да Бога, і Ягова ратуе мяне.
 

Увечары, ураніцы і апоўдні я буду жалобна маліцца і стагнаць, і Ён чуе голас мой.
 

Ён у міры выкупляе душу́ маю ад нападку супраць мяне, бо іх многа супраць мяне.
 

Бог выслухае (мяне), а ім адплаціць, Ён Той, што сядзіць на Пасадзе з прадвечных часоў — Зэля — ім, у якіх няма перамены, ды якія ня баяцца Бога.
 

Ён падняў рукі свае супраць тых, што былі зь ім у міры; ён парушыў угоду сваю.
 

(Словы) вуснаў ягоных гладкія, як масла, а сэрца ягонае поўна вайны. Словы ягоныя мякчэйшыя за алей, але адначасна яны — ме́чы аголеныя.
 

Пакінь на Ягову клопат твой, і Ён цябе падтрымае, Ён ніколі ня дапусьціць, каб праведнік пахіснуўся.
 

І Ты, Божа, укінеш іх у яму пагíбелі. Людзі крывавых дзеяў ды ілжы ня пражывуць палавіны дзён іхных. Але я, я спадзяюся на Цябе.