Псалтыр 97 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ягова валадарыць, як Кароль. Хай радуецца зямля. Хай радуюцца шматлікія астравы.
 

Хмары і цемра навакол Яго. Справядлівасьць і Суд ёсьць падмурак Пасаду Ягонага.
 

Агонь ідзе перад Ім і паліць наўкола няпрыяцеляў Ягоных.
 

Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет. Зямля бачыць і трымціць.
 

Горы, як воск, плавяцца перад Абліччам Яговы, перад Абліччам Госпада ўсёй зямлі.
 

Нябёсы абвяшчаюць Справядлівасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць Славу Ягоную.
 

Хай будуць пасаромлены ўсе служкі выразаных выяваў, якія пахваляюцца балванамі. Хай Яму паклоняцца да зямлі ўсе сілы!
 

Сыён чуе і радуецца, і дочкі Юды ўрачыста радуюцца дзеля Судоў Тваіх, Ягова.
 

Бо Ты, Ягова, ёсьць Найвышэйшы над усёй зямлёй; Ты ёсьць вельмі ўзвышаны над усімі багамі.
 

Вы, хто любіць Ягову, нянавідзьце зло! Ён крые душы сьвятых Сваіх. З рукі бязбожнікаў Ён вызваліць іх.
 

Праведніку пасеяна Сьвятло, і радасьць для тых, хто шчыры сэрцам.
 

Радуйцеся, (вы) праведныя, у Ягове і вызнавайце ўдзячнасьць Ягонай сьвятой памяці!