Псалтыр 98 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Псальм. Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, бо Ён цуды ўчыніў! Правіца Ягоная і рамяно сьвятасьці Ягонай здабылі перамогу Яму.
 

ГОСПАД зьявіў збаўленьне Сваё, перад вачыма народаў адкрыў праведнасьць Сваю.
 

Узгадаў пра міласэрнасьць Сваю і вернасьць Сваю для дому Ізраіля. Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага.
 

Усклікай ГОСПАДУ, уся зямля! Цешцеся, і радуйцеся, і выслаўляйце!
 

Выслаўляйце ГОСПАДА на гусьлях, на гусьлях і галосным сьпяваньнем!
 

На трубах і гукам рогу ўсклікайце перад абліччам Валадара ГОСПАДА!
 

Няхай мора гудзе і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім!
 

Няхай пляскаюць у далоні рэкі, і горы радуюцца разам [з імі]
 

перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Сусьвет Ён будзе судзіць паводле праведнасьці і народы — паводле справядлівасьці.