Псалтыр 79 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Псальм Асафа. Божа, пагане ўвайшлі ў спадчыну Тваю, апаганілі сьвятыню Тваю сьвятую, Ерусалім ператварылі ў купу друзу.
 

Трупы слугаў Тваіх аддалі на ежу птушкам нябесным, целы багабойных Тваіх — зьвярам зямным.
 

Вылілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліму, і не было каму іх хаваць.
 

Мы сталіся на ганьбаваньне для суседзяў нашых, на кпіны і насьмешкі для тых, што навокал нас.
 

Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці будзеш гневацца заўсёды? Ці як агонь будзе палаць рэўнасьць Твая?
 

Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на валадарствы, якія імя Твайго ня клічуць,
 

бо зжэрлі Якуба і жытло ягонае спустошылі.
 

Ня ўзгадвай нам беззаконьняў ранейшых; няхай чым хутчэй сустрэне нас літасьць Твая, бо вельмі мы зьнемагліся.
 

Дапамажы нам, Божа збаўленьня нашага, дзеля славы імя Твайго; выратуй нас і даруй грахі нашыя дзеля імя Твайго!
 

Навошта казаць паганам: «Дзе Бог іхні?» Няхай на паганах, у нас на вачах, вядомай станецца помста за кроў слугаў Тваіх, што праліта!
 

Няхай дойдуць перад аблічча Тваё стогны вязьняў! Паводле вялікасьці рамяна Твайго пакінь [пры жыцьці] сыноў, сказаных на сьмерць.
 

І нашым суседзям вярні сямікротна ў грудзі іхнія зьнявагу іхнюю, якой яны, Госпадзе, Цябе зьневажалі!
 

А мы, народ Твой і авечкі чарады Тваёй, будзем славіць Цябе вечна і з пакаленьня ў пакаленьне будзем абвяшчаць хвалу Тваю.