Псалтыр 2 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Чаму бунтуюцца народы, і плямёны задумваюць марнае?
 

Паўстаюць валадары зямлі, і князі сабраліся разам супраць ГОСПАДА і супраць Памазанца Ягонага:
 

«Парвема кайданы іхнія і путы іхнія скіньма з сябе!»
 

Той, Які жыве ў небе, будзе сьмяяцца, Госпад будзе кпіць з іх.
 

І скажа да іх у гневе Сваім, і ў ярасьці Сваёй напужае іх:
 

«Гэта Я паставіў Валадара Майго на Сыёне, гары Маёй сьвятой!»
 

Я абвяшчу пастанову: «ГОСПАД сказаў да Мяне: “Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе!
 

Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну, і межы зямныя — на ўласнасьць Табе.
 

Кіем жалезным паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш іх”».
 

Дык цяпер, валадары, зразумейце, навучыцеся, судзьдзі зямлі!
 

Служыце ГОСПАДУ са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.
 

Ушануйце Сына, каб не разгневаўся і каб ня зьнішчыў шляху [вашага], бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Ягоны! Шчасьлівыя ўсе, якія ў Ім маюць надзею.