Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай.
Быў жа захварэў нейкі Лазар з Бэтаніі, з селішча Марыі і Марты, сясцёр яго.
А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.
Марыя ж была тая, што намасціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Яго сваімі валасамі, яе брат Лазар захварэў.
Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».
Сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе, вось той, каго любіш, хворы».
Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».
Пачуўшы гэта, Ісус сказаў: «Хвароба гэта не на смерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы».
А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара.
А Ісус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.
Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.
Калі пачуў, што той хворы, застаўся тады яшчэ два дні ў тым месцы, у якім быў.
Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю».
І пасля таго кажа вучням: «Пойдземце зноў у Юдэю».
Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?»
Кажуць Яму вучні: «Раббі, толькі што імкнуліся Цябе ўкаменаваць Юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?»
Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету,
Адказаў Ісус: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць днём, не спатыкаецца, бо бачыць святло гэтага свету;
а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».
але калі хто ходзіць уночы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».
Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго».
Так гаворыць, а пасля таго кажа ім: «Лазар, наш сябра, спіць, але Я іду, каб яго абудзіць».
Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы».
Дык сказалі Яму вучні: «Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы»,
Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.
Ісус жа сказаў аб смерці яго, а яны думалі, што казаў аб засынанні сном.
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр;
Тады сказаў ім Ісус адкрыта: «Лазар памёр,
і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго».
і радуюся за вас, што вы паверыце, бо Мяне там не было; але пойдзем да яго».
Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».
А Тамаш, званы Дыдымас, сказаў таварышам: «Пойдзем і мы, каб з Ім памерці».
Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
Затым прыйшоў Ісус і ўбачыў, што ён ужо чатыры дні ляжыць у магіле.
Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, каля пятнаццаці стадыяў.
А Бэтанія знаходзілася бліз Ерузаліма, каля пятнаццаці стадый.
І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.
Да Марыі ж і Марты прыйшло многа Юдэяў, каб суцешыць іх па браце.
Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме.
Як толькі пачула Марта, што Ісус ідзе, пабегла да Яго, а Марыя засталася дома.
Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
Сказала тады Марта Ісусу: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».
Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасць Табе Бог».
Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой».
Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсне брат твой».
Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень».
Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсне пры ўваскрэсенні ў апошні дзень».
Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.
Сказаў ёй Ісус: «Я ёсць уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе;
І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?»
і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вечна. Верыш у гэта?»
Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».
Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе; я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыйшоў у свет».
І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».
І калі яна сказала гэта, то пайшла і паклікала сястру сваю, Марыю, ціха кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».
Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
Яна ж, як пачула, хутка ўзнялася і пайшла да Яго,
Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта.
бо Ісус яшчэ не ўвайшоў у селішча, але быў дагэтуль на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.
Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.
А Юдэі, што былі з ёй у доме і суцяшалі яе, калі ўбачылі, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, мяркуючы: «Ідзе да магілы, каб там плакаць».
Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой».
Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Яго, кажучы Яму: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не дапусціў бы, каб памёр брат мой».
Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся,
І вось, Ісус, як убачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, усхваляваўся ў Духу і быў узрушаны ў Сабе,
і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».
і сказаў: «Дзе паклалі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе, пайдзі і паглядзі».
Ісус заплакаў.
І Ісус заплакаў.
Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго».
Дык казалі Юдэі: «Вось як яго Ён любіў».
А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, што адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
А Ісус, ізноў хвалюючыся ў Самім Сабе, прыйшоў да магілы; а была гэта пячора, і камень быў на ёй пакладзены.
Кажа Ісус: «Падыміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень».
Гаворыць Ісус: «Падыміце камень!» Дык кажа Марта, сястра таго, які быў памёршы: «Госпадзе, ужо смярдзіць, бо ўжо мінула чатыры дні».
Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»
Кажа ёй Ісус: «Ці ж Я табе не казаў, што, калі ўверыш, убачыш славу Божую?»
Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Дык паднялі камень. Ісус жа, узвёўшы вочы ўгору, сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.
Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне».
Я ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але дзеля народу , які стаіць навокал, Я сказаў, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў».
І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»
І, калі Ён гэта сказаў, усклікнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вон!»
І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».
І адразу выйшаў той, што быў памёршы, абвязаны па руках і нагах павязкамі, а твар яго быў абвязаны хусткай. Кажа ім Ісус: «Развяжыце яго і пусціце яго хадзіць».
Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго.
Дык многія з Юдэяў, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што Ён учыніў, паверылі ў Яго;
А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
некаторыя ж з іх пайшлі да фарызеяў і расказалі ім, што зрабіў Ісус.
Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.
Дык сабралі першасвятары і фарызеі раду і казалі: «Што нам рабіць? Бо чалавек гэты робіць многа знакаў.
Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ».
Калі так Яго адпусцім, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і захопяць нас, і краіну, і народ».
Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце,
Дык адзін з іх, Кайфа, які быў у тым годзе першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не ведаеце,
і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».
і не думаеце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў».
Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ,
А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасвятар у гэтым годзе праракаваў, што Ісус павінен быў памерці за народ,
і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у адно.
і не толькі за народ, але каб сабраць у адно сыноў Божых, што былі раскіданыя.
Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.
Ад таго дня думалі толькі, як Яго забіць.
Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
Таму Ісус не хадзіў ужо яўна сярод Юдэяў, але адышоў адтуль у мясцовасць паблізу пустыні, у горад, які называецца Эфрэм, і там заставаўся з вучнямі.
Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
І была блізка Пасха Юдэйская, і многа людзей з краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысціцца.
Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»
Дык шукалі Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: «Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?»
А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.
А першасвятары і фарызеі далі загад, каб, калі хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб Яго ўзяць.