Да Галятаў 3 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

О, бяздумныя Галяты! Хто зачараваў не пакарацца праўдзе вас, перад вачыма якіх быў раней апісаны Ісус Хрыстос, [нібыта] ў вас укрыжаваны?
 
О неразумныя Галаты! Хто  зачараваў вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос укрыжаваны?

Гэтае толькі хачу даведацца ад вас: ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз слуханьне веры?
 
Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры?

Ці вы гэткія бяздумныя, што, пачаўшы духам, цяпер сканчваеце целам?
 
Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце?

Ці гэтулькі перацярпелі вы надарма? Дый каб жа надарма!
 
Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова!

Дык ці Той, Які дае вам Духа і робіць між вамі цуды, праз учынкі Закону [робіць] ці праз слуханьне веры?
 
Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры?

Як Абрагам паверыў Богу, і залічана яму за праведнасьць,
 
Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.

гэтак і вы разумейце, што тыя, хто з веры, гэтыя ёсьць сыны Абрагама.
 
Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама.

А Пісаньне, прадбачачы, што з веры Бог апраўдвае паганаў, раней дабравесьціла Абрагаму: «У табе будуць дабраслаўлёныя ўсе народы».
 
Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць бласлаўлёны ўсе народы».

Так што тыя, хто з веры, дабраслаўляюцца разам з верным Абрагамам.
 
Дык бласлаўлёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры.

Бо ўсе тыя, хто праз учынкі Закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе Закону, каб рабіць гэтае».
 
Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў кнізе закона, каб рабіць гэта».

А што Законам ніхто не апраўдаецца перад Богам, зразумела, бо: «Праведны з веры жыць будзе».
 
А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе.

А Закон ня ёсьць з веры, але: «Чалавек, які спаўняе яго, жыць будзе ім».
 
Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць яго, той жыць будзе ім.

Хрыстос адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшыся за нас праклёнам, бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто вісіць на дрэве»,
 
Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,

каб дабраслаўленьне Абрагама ў Хрысьце Ісусе сталася на паганаў, каб абяцаньне Духа мы атрымалі праз веру.
 
каб блаславенства Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру.

Браты, па-чалавечаму кажу: нават чалавекам засьведчанага запавету ніхто не адкідае, ані не дадае [да яго].
 
Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае.

Абяцаньні ж былі сказаныя Абрагаму і насеньню ягонаму. Ня кажа: «і насеньням», як пра многіх, але як пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
 
Вось жа Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «I семям», быццам многім, але як аднаму: «I семю твайму», якім ёсць Хрыстос.

Я вось кажу тое, што запавет пра Хрыста, раней засьведчаны Богам, Закон, які стаўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не пазбаўляе сілы, каб зьнішчыць абяцаньне.
 
Гэта вось кажу: запавету, Богам зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне.

Бо калі спадчына праз Закон, дык ужо не праз абяцаньне; а Абрагаму Бог падараваў [яе] праз абяцаньне.
 
Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне.

Дык навошта Закон? Ён дадзены з прычыны парушэньняў, пакуль прыйдзе насеньне, пра якое дадзена абяцаньне, загаданае праз анёлаў рукою пасярэдніка.
 
Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў  рукою пасярэдніка.

Пасярэднік жа ня ёсьць пры адным, а Бог адзін.
 
Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.

Дык ці Закон супраць абяцаньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі б быў дадзены закон, які можа ажыўляць, праўдзіва, праведнасьць была б з закону.
 
Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць.

Але Пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб абяцаньне з веры Ісуса Хрыста было дадзена тым, якія вераць.
 
Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.

А перш, чым прыйшла вера, мы былі пад аховаю Закону, замкнёныя дзеля [атрыманьня] веры, якая мела адкрыцца.
 
Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена.

Так што Закон стаўся нашым выхавацелем да Хрыста, каб нам быць апраўданымі з веры.
 
Дык закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы.

А калі прыйшла вера, мы ўжо не пад выхавацелем,
 
Дык калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.

бо ўсе вы — сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса.
 
Бо ўсе вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Ісуса.

Бо ўсе тыя, хто ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.
 
Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.

Няма ані Юдэя, ані Грэка; няма ані слугі, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
 
Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе.

А калі вы — Хрыстовыя, дык вы — насеньне Абрагама і паводле абяцаньня — спадкаемцы.
 
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы — семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.