Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Дзеці, слухайцеся бацькоў сваіх у Госпадзе, бо ў гэтым праведнасьць.
Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
«Шануй бацьку твайго і маці», — гэта першае прыказаньне з абяцаньнем:
Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем:
«каб было табе добра, і быў ты даўгалетнім на зямлі».
каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.
І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у дысцыплінаваньні і напамінаньні Госпадавым.
І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым.
Слугі, слухайцеся гаспадароў паводле цела, са страхам і трымценьнем, у шчырасьці сэрца вашага, як Хрыста,
Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,
не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але як слугі Хрыстовыя, якія выконваюць волю Божую ад душы,
не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
з зычлівасьцю служачы Госпаду, а ня людзям,
з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям,
ведаючы, што кожны, хто зробіць добрае, атрымае тое самае ад Госпада, ці ён нявольнік, ці вольны.
ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.
І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, паслабляючы пагрозы, ведаючы, што і ў вас саміх Госпад ёсьць у небе, і ў Яго няма ўзіраньня на аблічча.
І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу.
Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ва ўладзе магутнасьці Яго.
Напаследак, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго.
Апраніцеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб маглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла,
Апраніцеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла.
бо нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць сусьветных дзяржаўцаў цемры гэтага веку, супраць духаў зласьлівасьці ў нябёсах.
Бо нашая барацьба не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць уладальнікаў гэтай цемры свету, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах.
Дзеля гэтага вазьміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у дзень злы і, усё зрабіўшы, застацца стаяць.
Дзеля таго вазьміце зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі абараніцца і, выканаўшы ўсё, выстаяць.
Дык станьце, падперазаўшы паясьніцу вашую праўдаю, і апрануўшы панцыр праведнасьці,
Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасці,
і абуўшы ногі ў гатовасьць дабравесьціць супакой,
і абуўшы ногі ў гатоўнасць несці добрую вестку супакою;
і па-над усё ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы злога.
на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога;
І шалом збаўленьня прыйміце, і меч Духа, які ёсьць слова Божае.
і вазьміце шалом збаўлення разам з мячом Духа, якім ёсць Слова Божае,
Усякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў-ва ўсякі час у Духу, і ў-ва ўсім гэтым чувайце з усёй настойлівасьцю і просьбамі за ўсіх сьвятых
ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, і самі чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых
і за мяне, каб мне дадзена было слова, адчыніўшы вусны мае, адважна паведамляць таямніцу Эвангельля,
і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля,
дзеля якога я спаўняю пасольства ў ланцугах, каб у ім я гаварыў адважна, як і мушу гаварыць.
дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у самім сабе адважыўся гаварыць так, як мне належыцца гаварыць.
А каб і вы ведалі пра мяне, што я раблю, усё вам паведаміць Тыхік, улюбёны брат і верны служыцель у Госпадзе,
Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе,
якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незьнішчальнасьці. Амэн
Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці.