1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Нарэшце, браты, просім вас і молім праз Госпада Ісуса, каб тое, што вы прынялі ад нас, як мусіце вы хадзіць і падабацца Богу, яшчэ больш у вас памнажалася,
Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб як вы атрымалі ад нас, як вам належыць жыць і падабацца Богу, так і жылі, і больш багацелі.
бо вы ведаеце, якія мы далі вам загады ад Госпада Ісуса.
Бо ведаеце, пэўна, якія я вам даў пастановы ад Госпада Ісуса.
Бо гэта ёсьць воля Божая — сьвятасьць вашая, каб вы высьцерагаліся распусты,
Бо воляй Божай ёсць святасць вашая,
каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начыньне ў сьвятасьці і годнасьці,
каб высцерагаліся распусты, каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начынне ў святасці і ў пашане,
а ня ў жарсьцях пажадлівасьці, як пагане, што ня ведаюць Бога;
а не ў пажадлівасці юрлівай, як пагане, якія не ведаюць Бога;
каб не вывышаліся і не ашуквалі ў справах брата свайго, таму што Госпад — мсьціўца за ўсё гэтае, як і раней мы гаварылі вам і сьведчылі.
каб ніхто не узвышаўся і не крыўдзіў у справах брата свайго, бо Госпад ёсць мсціўца за ўсё гэта, як мы вам ўжо казалі і сведчылі.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасці, але да святасці.
Дык хто гэта адкідае, той адкідае не чалавека, але Бога, Які Духа Свайго Сьвятога нам даў.
Дык хто гэта адкідае, той не чалавекам пагарджае, але Богам, Які даў вам Духа Свайго Святога.
Адносна братняй любові няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,
Адносна любові братняй не маем патрэбы вам пісаць; бо самі вы навучаныя Богам адзін аднаго любіць.
дый вы гэтак і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Просім жа вас, браты, багацейце [ў гэтым] болей
Так вы і чыніце адносна ўсіх братоў ва ўсёй Мацэдоніі. Просім жа вас, браты, каб з яшчэ большай сілай
і намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам;
прыкладалі намаганні, каб жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і зарабляць на пражыццё ўласнымі рукамі, як загадалі мы вам,
каб вы хадзілі прыстойна перад тымі, што звонку, і ні ў чым ня мелі патрэбы.
ды каб дастойна адносіліся вы да тых, якія жывуць звонку, і каб не квапіліся ні на што чужое.
Не хачу, каб вы, браты, ня ведалі адносна памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, што ня маюць надзеі.
Не хочам, браты, каб вы не ведалі наконт памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, дык Бог і памёршых у Ісусе прывядзе з Ім.
Бо калі верым, што Хрыстос памёр і ўваскрос, дык Бог і тых, якія паўміралі ў Ісусе, прывядзе з Ім.
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, жывыя, якія засталіся да прыйсьця Госпада, не апярэдзім памёршых,
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, якія жывём і пакінутыя да прыходу Госпада, не папярэдзім тых, што паўміралі.
бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам арханёла і трубой Божай зыйдзе з неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі;
Бо Сам Госпад на загад і на голас Арханёла ды на гук трубы Божай сыдзе з неба, і мёртвыя, якія ў Хрысце, ўваскрэснуць першыя.
пасьля мы, жывыя, што засталіся, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне з Госпадам у паветра, і гэтак заўсёды з Госпадам будзем.
Потым мы, жывыя і пакінутыя, разам з імі будзем паднятыя ў паветра на аблоках насустрач Госпаду, ды так заўсёды будзем з Госпадам.
Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.
Вось так адны адных суцяшайце гэтымі словамі.