2 летапісаў 19 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вярнуўся Язафат, валадар Юды, у супакоі ў дом свой, у Ерусалім.
 
А цар Юдэі Язафат спакойна вярнуўся ў дом свой у Ерузалім.

І выйшаў перад аблічча ягонае Егу, сын Ханані, відушчы, і сказаў валадару Язафату: «Ці будзем дапамагаць бязбожніку і любіць тых, якія ненавідзяць ГОСПАДА? За гэта гнеў на табе ад аблічча ГОСПАДА.
 
Насустрач яму выбег Егу, сын Ханані Прадракальніка, і сказаў яму: «Бязбожніку ты даеш дапамогу і з тымі, што ненавідзяць Госпада, распачынаеш сяброўства, — і таму сапраўды заслужыў ты гнеў Госпада;

Аднак і рэч добрая знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў Астартаў у зямлі гэтай і падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога».
 
але абараняюць цябе добрыя ўчынкі твае, бо ты выдаліў слупы з зямлі і падрыхтаваў сэрца сваё, каб шукаць Бога».

І жыў Язафат у Ерусаліме. І ён вярнуўся, і выходзіў да народу ад Бээр-Шэвы аж да гары Эфраіма, і навяртаў іх да ГОСПАДА, Бога бацькоў іхніх.
 
Такім чынам, абжыўся Язафат у Ерузаліме. І зноў пайшоў у народ ад Бээр-Сэбы аж да гары Эфраіма і заклікаў яго да Госпада, Бога бацькоў іх.

І паставіў ён судзьдзяў у зямлі ў-ва ўсіх гарадах Юды, якія ўмацаваў, для кожнага гораду.
 
І паставіў суддзяў у зямлі, ва ўсіх гарадах Юдэі, у кожным умацаваным горадзе.

І сказаў судзьдзям: «Глядзіце, што вы робіце; бо вы судзіце ня дзеля чалавека, але дзеля ГОСПАДА, і Ён з вамі ў справе суду.
 
І загадаў суддзям: «Глядзіце, што робіце. Бо не з волі чалавека судзіце, але з волі Госпада, Які з вамі, калі каго судзіце.

І цяпер, няхай страх перад ГОСПАДАМ будзе на вас. Зважайце на тое, бо няма беззаконьня ў ГОСПАДА, Бога нашага, ані зважаньня на аблічча, ані браньня хабараў».
 
Хай будзе страх Госпадаў з вамі і разважна ўсё рабіце; бо няма ў Госпада, Бога нашага, нясправядлівасці, ані ўвагі на асобы, ані хцівасці да падарункаў».

І таксама ў Ерусаліме паставіў Язафат [судзьдзяў] з лявітаў, са сьвятароў і з галоваў [дамоў] бацькоў Ізраіля для суду ГОСПАДА і для [вырашэньня] спрэчак. І яны вярнуліся ў Ерусалім.
 
Таксама ў Ерузаліме паставіў Язафат суддзяў з левітаў і з святароў, і з кіраўнікоў родаў для Ізраэля, дзеля суда Госпада ў справах жыхароў Ерузаліма.

І загадаў ён ім, кажучы: «Гэтак будзеце рабіць у страху перад ГОСПАДАМ, верна і са шчырым сэрцам.
 
І загадаў ім, кажучы: «Маеце так рабіць са страхам Госпада: справядліва ды са шчырым сэрцам.

І ў-ва ўсякай спрэчцы, якая прыйдзе да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, адносна крыві і крыві, адносна Закону і прыказаньня, адносна пастановаў і судоў, вы перасьцерагайце іх, каб яны не грашылі супраць ГОСПАДА і каб гнеў [Ягоны] не прыйшоў на вас і на братоў вашых. Гэтак рабіце і не саграшыце.
 
Ва ўсякай справе, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што пражываюць у сваіх гарадах, ці гэта справа забойства, ці закону, ці настаўлення, ці прыказанняў і апраўданняў, павучайце іх, каб не грашылі на Госпада ды каб Яго гнеў не абярнуўся на вас і братоў вашых; такім чынам рабіце і не дапускайцеся грахоў.

І вось, Амарыя, сьвятар, [будзе] галавой над вамі ў кожнай справе ГОСПАДА, а Зэвадыя, сын Ізмаэля, правадыр дому Юды, [будзе] над усімі справамі валадара, а таксама лявіты [будуць] пісарамі перад абліччам вашым. Будзьце мужныя і рабіце. І няхай ГОСПАД будзе з добрым».
 
А святар Амарыя будзе кіраўніком над вамі ва ўсім, што датычыць Бога; затым Забадзія, сын Ізмаэля, які з’яўляецца загадчыкам над домам Юды, будзе нам тымі справамі, што датычаць царскай службы; і левіты будуць у вас пісарамі. Будзьце мужнымі і спраўляйцеся пільна, ды хай Госпад будзе [да вас] з дабром».