2 летапісаў 26 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
І ўзяў увесь народ Юды Узію, а ён [меў] шаснаццаць гадоў, і паставілі яго за валадара пасьля Амазіі, бацькі ягонага.
А ўвесь народ Юдэі шаснаццацігадовага Озію паставіў царом на месца бацькі яго Амазіі.
Ён пабудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе, калі супачыў валадар з бацькамі сваімі.
Ён адбудаваў Айлат і вярнуў яго пад уладу Юдэі, калі цар супачыў са сваімі бацькамі.
Шаснаццаць гадоў [меў] Узія, калі пачаў валадарыць, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.
Калі пачаў цараваць, меў Озія шаснаццаць гадоў, і ў Ерузаліме быў царом пяцьдзесят два гады. Імя маці яго — Яхэлія з Ерузаліма.
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Амазія, бацька ягоны.
І дзейнічаў ён справядліва ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго Амазія.
І шукаў ён Бога ў дні Захарыі, які разумеў відзежы Божыя; і ў тыя дні, калі ён шукаў ГОСПАДА, Бог даваў яму посьпех.
І туліўся да Бога ў дні Захарыі, які гадаваў яго ў страху Божым; ды як доўга туліўся да Госпада, дапамагаў яму Бог.
І ён выйшаў, і ваяваў з Філістынцамі; і разбурыў муры Гату, муры Яўнэі, і муры Ашдоду; і пабудаваў гарады ў Ашдодзе і ў Філістынцаў.
Нарэшце выйшаў ён, і ўступіў у бой з філістынцамі, і разваліў мур Гета, і мур Ябніі, і мур у Азоце. Таксама пабудаваў гарады ў краі Азота і філістынцаў.
І дапамагаў яму Бог супраць Філістынцаў і супраць Арабаў, якія жылі ў Гур-Баале, і супраць Мэунянаў.
Ды дапамагаў яму Бог супраць філістынцаў і супраць арабаў, што жылі ў Гурбаале, ды супраць маанітаў.
І Аманяне давалі дары Узіі. І разыйшлася [вестка пра] імя ягонае аж да ўваходу ў Эгіпет, бо ўзмацніўся ён незвычайна.
І аманіцяне плацілі даніну Озіі; ды праславілася імя яго аж да ўваходу ў Егіпет, бо стаў вельмі магутным.
І пабудаваў Узія вежы ў Ерусаліме пры Браме Вуглавой, пры Браме Даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
І Озія пабудаваў вежы ў Ерузаліме над брамай Вугла, і над брамай Лагчыны і над Вуглом, і ўмацаваў іх.
І пабудаваў ён вежы ў пустыні, і выкапаў шмат сажалак, бо ў яго было шмат статкаў, і ў Шэфэлі, і на раўніне, і [меў ён] земляробаў, і вінаградараў у гарах і на Кармэлю, бо ён быў аматарам земляробства.
Пабудаваў таксама вежы ў пустыні, ды выкапаў многа вадаёмаў, таму што меў многа жывёлы як у Сэфэлі, так і на раўніне; меў ён таксама земляробаў, і вінаградараў у гарах і на ўраджайных палях; быў бо ён чалавек, адданы земляробству.
І было ў Узіі войска, якое выходзіла на вайну дружынамі, паводле ліку попісу іхняга, [зробленага] рукою Еіэля пісара і Маасэі наглядчыка, пад рукою Хананіі, [аднаго] з князёў валадара.
А было ў Озіі войска ваяроў, якое выходзіла на вайну дружынамі па ліку ў спісе пісара Егіэля і пад кіраўніцтвам Маасіі і Хананіі, які быў адным з кіраўнікоў цара.
Увесь лік галоваў [дамоў] бацькоў, ваяроў мужных — дзьве тысячы шэсьцьсот.
І поўны лік кіраўнікоў па родах адважных ваяроў — дзве тысячы шэсцьсот.
І пад рукою іхняю здатных да войска — трыста сем тысячаў пяцьсот тых, якія ідуць на вайну з вайсковай мужнасьцю, на дапамогу валадару супраць ворага.
І пад іх кіраўніцтвам усяго войска было трыста сем тысяч пяцьсот ваяроў, якія былі здатныя да бою, каб ваяваць супраць ворагаў за цара.
І прыгатаваў для іх Узія, для ўсяго войска, шчыты, дзіды, шаломы, панцыры, лукі і камяні для пушчалак.
Таксама Озія прыгатаваў для іх, гэта значыць для ўсяго войска: шчыты, і дзіды, і шышакі, і кальчугі, і лукі ды камяні для кідання з прашчы.
І зрабіў ён у Ерусаліме махіны вайсковыя, вынаходліва прадуманыя, каб яны былі на вежах і на кутах дзеля страляньня стрэламі і камянямі вялікімі. І разыйшлося імя ягонае далёка, бо ён меў [праз гэта] цудоўную дапамогу і стаўся моцным.
І ў Ерузаліме зрабіў машыны, па-майстэрску прыдуманыя, якія памясціў на вежах і па вуглах муроў, каб страляць з лукаў і кідаць вялікія камяні; і пашырылася слава яго імя далёка таму, што яму цудоўна дапамагаў Госпад і зрабіў яго магутным.
Але калі ён узмацніўся, заганарылася сэрца ягонае аж да загубы, і ён стаў няверным ГОСПАДУ, Богу свайму, і ўвайшоў ён у сьвятыню ГОСПАДА, каб кадзіць на ахвярніку каджэньня.
Але калі ўзмацніўся, сэрца яго ўзганарылася на загубу сваю ды адвярнуўся ад Госпада, Бога свайго; і ўвайшоў у святыню Госпада, і сам захацеў скласці ахвяру ўспальвання на ахвярніку каджэння.
І ўвайшоў за ім Азарыя сьвятар, і з ім восемдзясят сьвятароў ГОСПАДА, людзей мужных.
І адразу ж за ім увайшоў святар Азарыя, а з ім восемдзесят святароў Госпадавых, людзей наймужнейшых;
І супрацівіліся яны Узіі валадару, і сказалі яму: «Не табе, Узія, кадзіць ГОСПАДУ, бо гэта для сьвятароў, сыноў Аарона, якія пасьвячоныя для каджэньня. Выйдзі са сьвятыні, бо ты стаў няверным, і ня будзе табе славы ў ГОСПАДА Бога».
яны выступілі супраць цара і сказалі: «Не твой абавязак, Озія, складаць ахвяры ўспалення Госпаду, але святароў, гэта значыць сыноў Аарона, якія на гэту службу пасвячоны, каб складаць кадзільныя ахвяры. Выйдзі са святога месца, бо ты дзейнічаў незаконна; і не залічыцца табе гэта ў славу Госпадам Богам».
І загневаўся Узія, а ў руцэ ягонай [была] кадзільніца для каджэньня. І калі загневаўся ён на сьвятароў, праказа закрасавала на чале ягоным перад абліччам сьвятароў у Доме ГОСПАДА каля ахвярніка каджэньня.
І Озія ўзгарэўся злосцю, і, трымаючы ў руцэ кадзільніцу, каб складаць ахвяру ўспалення, пагражаў святарам. І раптам з’явілася праказа на яго чале перад вачамі святароў у доме Госпада пры ахвярніку каджэння.
І павярнуўся да яго Азарыя, сьвятар найвышэйшы, і ўсе сьвятары, і вось, праказа на чале ягоным. І яны выпхнулі яго адтуль, і ён сам пасьпяшаўся выйсьці, бо наведаў яго ГОСПАД.
І калі глянуў на яго першасвятар Азарыя і ўсе іншыя святары, убачылі праказу на чале яго і хутка выгналі яго; але і ён спяшаўся выйсці, бо няшчасцем пакараў яго Госпад.
І быў валадар Узія пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме, як пракажоны, бо адлучаны быў ад Дому ГОСПАДА. І Ётам, сын ягоны, быў над домам валадарскім, судзячы народ зямлі.
Такім чынам, застаўся цар Озія пракажаным аж да дня сваёй смерці і пражываў асобна ў доме, поўным пракажаных, бо быў выключаны з дома Госпада. Затым Ёатам, сын яго, распараджаўся царскім домам ды судзіў людзей краю.
А іншыя дзеяньні Узіі, першыя і апошнія, запісаў Ісая, сын Амоса, прарок.
А астатнія дзеянні Озіі, ад першых да апошніх, запісаў прарок Ісая, сын Амоса.
І супачыў Узія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі магілаў валадарскіх, бо казалі: “Ён пракажоны”. І пачаў валадарыць Ётам, сын ягоны, пасьля яго.
Ды супачыў Озія са сваімі бацькамі, і пахавалі яго на полі каля царскіх грабніц, таму што людзі казалі: «Быў ён пракажаны». І па ім цараваў сын яго — Ёатам.