Абакума 3 разьдзел
Кніга прарока Абакума
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Малітва Абакума прарока [для сьпяваньня], лямантуючы.
Малітва Абакука, прарока, на мелодыю ламентацыі.
ГОСПАДЗЕ, я пачуў вестку Тваю, і спалохаўся. ГОСПАДЗЕ! Справу Тваю ў сярэдзіне гадоў ажыві, у сярэдзіне гадоў зьяві, у гневе ўзгадай пра літасьць.
«Пачуў я, о Госпадзе, чутку ад Цябе і ўшанаваў я, Госпадзе, справу Тваю. Ажыццяві яе сярод гадоў, дай пазнаць сярод гадоў. Калі загневаешся — помні пра міласэрнасць Сваю!
Бог ідзе з Тэману, і Сьвяты — з гары Паран. (Сэлях) Закрыла неба слава Ягоная, і хвала Ягоная напоўніла зямлю.
Бог прыйдзе з Тэмана, і Святы — з гары Паран. — Сэлах. Слава Яго пакрывае нябёсы, і зямля поўная хвалы Яго.
І бляск [Ягоны] — як сьвятло; промні з рук Ягоных [выходзяць], там схаваная моц Ягоная.
Бляск Яго — як святло, прамені — з рук Яго: у іх схавана магутнасць Яго.
Перад абліччам Ягоным ідзе пошасьць, і за стопамі Ягонымі крочыць жар палючы.
Перад Ім пойдзе смерць, і за нагамі Яго вырушыць пошасць.
Ён стаў, і дрыжыць зямля; Ён глянуў, і трымцяць народы; і рассыпаліся горы вечныя, схіліліся ўзгоркі спрадвечныя; шляхі Ягоныя — вечныя.
Ён стаў — і дрыжыць зямля, глянуў — і палохае народы. І распадаюцца горы векавыя, старадаўнія ўзгоркі ападаюць ад шляхоў Яго спрадвечных.
Я бачыў няправасьць у намётах Куша, дрыжэлі заслоны зямлі Мадыян.
Сумнымі ўбачыў я палаткі Хусана, трывожацца палаткі зямлі Мадыян.
Ці на рэкі загневаўся ГОСПАД, ці супраць рэк [палае] гнеў Твой? Ці супраць мора ярасьць Твая, што Ты сеў на коняў Тваіх, на калясьніцы Твае пераможныя?
Ці ж на рэкі гневаешся, Госпадзе, або на рэкі абурэнне Тваё, або на мора раз’ятранасць Твая? Бо садзішся на коней Сваіх, на калясніцы Свае пераможныя.
Цалкам аголены лук Твой, як Ты прысягнуў каленам [Ізраіля] словам [Тваім]. (Сэлях) Ты рэкамі расьсек зямлю.
Моцна нацягнеш Ты лук Свой, стрэламі запоўніў калчан Свой. — Сэлах. На ручаі разрэжаш зямлю,
Убачыўшы Цябе, горы затрэсьліся; паводка рынула, бяздоньне дало голас свой, высока падняўшы рукі свае.
убачылі Цябе і затрэсліся горы. Хмары вылілі воды, бяздонне выдала голас свой, увысь падняла рукі свае.
Сонца і месяц спыніліся на месцы сваім; пры сьвятле стрэлаў Тваіх яны ішлі, пры бляску зіхценьня дзіды Тваёй.
Сонца і месяц сталі на свае месцы, адступаюць яны перад святлом стрэлаў Тваіх, перад бляскам зіхацення дзіды Тваёй.
У абурэньні Ты крочыў па зямлі, у гневе малаціў народы.
Разгневаны, будзеш таптаць зямлю, у абурэнні знішчыш народы.
Ты выйшаў, каб збавіць народ Твой, каб збавіць памазанца Твайго. Ты скрышыў галаву дому бязбожніка, агаляючы падставы аж па шыю. (Сэлях)
Выступіў Ты дзеля збаўлення Свайго народа, дзеля збаўлення з намашчэнцам Сваім. Ты разбурыў галаву дома бязбожнага, агаліў падмурак аж да голай скалы. — Сэлах.
Ты прабіў стрэламі ягонымі галаву правадыроў ягоных, калі [ўзьняліся], як віхура, каб расьсеяць мяне; яны цешыліся як тыя, што пажэрлі ўбогага ўпотай.
Прабіваеш стрэламі Сваімі галаву ваяроў яго, надыходзячых, як віхор, на загубу маю; радасць іх, як таго, хто скрыта губіць беднага.
Ты топчаш коньмі Тваімі мора, хваляваньне водаў вялікіх.
Адкрыў дарогу ў моры коням Сваім, праз балота водаў многіх.
Я пачуў, і задрыжэла нутро маё, ад голасу [гэтага] затрымцелі вусны мае, гнілізна ўвайшла ў косткі мае, і я калачуся на месцы сваім. Але я маю быць у супакоі ў дзень бедства, калі прыйдзе на народ гэты той, хто пераможа [нас].
Пачуў я, і ўскіпела нутро маё, на вестку задрыжэлі вусны мае. Боль пранік у косці мае, і пада мной захісталіся ногі мае. Буду спакойны ў дзень трывогі, калі нахлыне яна на народ мой праз тых, хто нападае на нас.
Бо хоць бы дрэва фігавае не расквітнела, і не было ўраджаю ў вінаградніку, [хоць бы] не ўрадзіла аліўка [плоду свайго], і поле ня дала, што есьці, [хоць бы] зьніклі авечкі з абораў, і не засталося валоў у хлявах,
Дрэва фігавае бо не расцвіце, і вінаграднікі не дадуць пладоў; падмане плод аліўкавых дрэў, ды палі не дадуць ежы; знікне ў аўчарні жывёла, і не будзе быдла ў хлявах.
але і тады я буду радавацца ў ГОСПАДЗЕ, буду цешыцца ў Богу збаўленьня майго.
Я, аднак, буду цешыцца ў Госпадзе і буду радавацца ў Богу, Збаўцы маім.
ГОСПАД, Госпад — сіла мая, і Ён зробіць ногі мае як у аленя, і на вышыні мае ўзьвядзе мяне. Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах.
Госпад Бог — сіла мая, і зробіць ногі мае, як у аленя, ды ўзвядзе мяне на вышыні мае». Кіраўніку хора — на гук струнаў.