Эклезіяста 3 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, і час для кожнай рэчы пад небам;
Усё мае [свой] час, і свая пара кожнай справе пад небам;
Час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана.
час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана;
Час забіваць і час лекаваць, час разбураць і час будаваць.
час забіваць і час лячыць, час нішчыць і час будаваць;
Час плакаць і час сьмяяцца, час галасіць і час танчыць.
час плакаць і час смяяцца, час галасіць і час скакаць;
Час кідаць камяні і час зьбіраць камяні, час абдымаць і час пазьбягаць абдымкаў.
час кідаць камяні і час збіраць іх, час абдымаць і час пазбягаць абдымкаў;
Час шукаць і час губляць, час захоўваць і час пакідаць.
час шукаць і час губляць, час берагчы і час адкідаць;
Час разьдзіраць і час сшываць, час маўчаць і час гаварыць.
час раздзіраць і час сшываць, час маўчаць і час гаварыць;
Час любіць і час ненавідзець, час вайны і час міру.
час любіць і час ненавідзець, час вайны і час міру.
Што за карысьць мае з працы сваёй той, хто працуе?
Што за карысць мае з працы сваёй той, хто працуе?
І я ўбачыў занятак, які даў Бог сынам чалавечым, каб яны займаліся ім.
Паглядзеў я на заняткі, якія даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся імі.
Усё Ён зрабіў прыгожым у свой час; і даў ім вечнасьць у сэрца, аднак чалавек не спасьцігне справаў, якія робіць Бог, ад пачатку аж да канца.
Усё добрае зрабіў Ён у свой час; і перадаў сусвет разважнасці іх, ды не спасцігне чалавек справы, якую ўчыніў Бог, ад пачатку да канца.
І даведаўся я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.
Спазнаў я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і чыніць дабро ў сваім жыцці.
І тое, што кожны чалавек есьць і п’е, і бачыць добрае з усёй цяжкай працы сваёй, — гэта дар Божы.
Бо кожны чалавек, які есць і п’е і бачыць дабро ад працы сваёй, — гэта дар Божы.
І даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог, трывае на вякі; нельга да таго дадаць і нельга ад таго адняць, і Бог робіць так, каб баяліся аблічча Яго.
Пераканаўся я, што ўсе справы, якія чыніць Бог, трываюць вечна; мы не можам ані дадаць да гэтага штосьці, ані адняць [ад таго], што ўчыніў Бог, каб шанавалі [Яго].
Тое, што было, цяпер ёсьць, і тое, што мае быць, ужо было, і Бог знаходзіць тое, што прамінула.
Тое, што ўжо было, — тое самае і ёсць; і што будзе — ужо было; і Бог даследуе тое, што прамінула.
І яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там беззаконьне, месца праведнасьці, а там няправасьць.
І яшчэ ўбачыў я пад сонцам: на месцы суда там бязбожнасць, і на месцы справядлівасці там несправядлівасць;
Сказаў я ў сэрцы маім: “Праведніка і бязбожніка будзе судзіць Бог, бо там ёсьць час на кожную рэч і на кожную справу”.
Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, бо [прыйдзе] час на кожную рэч і на кожную справу».
Сказаў я ў сэрцы маім пра сыноў чалавечых, што Бог ачышчае іх і паказвае, што яны самі па сабе — як тая жывёла.
Сказаў я ў сэрцы маім адносна сыноў чалавечых, што Бог будзе іх выпрабоўваць і пакажа, што яны самі па сабе — падобныя да звяроў.
Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля; як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух [жыцьця] аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць.
Бо доля сыноў чалавечых і жывёлы такая ж самая: як памірае чалавек, так і яны паміраюць; і тое ж самае дыханне ва ўсіх: нічога не мае чалавек болей за жывёлу, бо ўсё — марнасць.
Усё ідзе ў адно месца, усё з пылу паўстала, і ўсё ў пыл вяртаецца.
І ўсё ідзе ў адно месца: з зямлі ўсё створана і ў зямлю ўсё падобным чынам вяртаецца.
Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых узыходзіць угору, ці дух жывёлы зыходзіць уніз, у зямлю?
Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўверх і ці дух жывёлін сыходзіць уніз, у зямлю?
І ўбачыў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як радавацца са справаў сваіх, бо гэта доля ягоная. Бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?
І ўцяміў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як цешыцца працай сваёй; бо такі лёс яго. Бо хто ж прывядзе яго, каб ён даведаўся, што будзе пасля яго?