Эклезіяста 3 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Усяму пара, і час кажнаму зычаньню пад небам:
Усё мае [свой] час, і свая пара кожнай справе пад небам;
Пара радзіцца, і пара паміраць; пара садзіць, і пара вырываць пасаджанае;
час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана;
Пара забіваць, і пара лячыць; пара бураць, і пара будаваць;
час забіваць і час лячыць, час нішчыць і час будаваць;
Пара плакаць, і пара сьміяцца; пара галасіць, і пара скакаць;
час плакаць і час смяяцца, час галасіць і час скакаць;
Пара кідаць каменьне, і пара зьбіраць каменьне; пара абыймаць, і пара здаляцца ад абыймаў;
час кідаць камяні і час збіраць іх, час абдымаць і час пазбягаць абдымкаў;
Пара шукаць, і пара губляць; пара шчаджаць, і пара раськідаць;
час шукаць і час губляць, час берагчы і час адкідаць;
Пара ірваць, і пара сшываць; пара маўчэць, і пара гукаць;
час раздзіраць і час сшываць, час маўчаць і час гаварыць;
Пара любіць, і пара ненавідзіць; пара вайны, і пара міру.
час любіць і час ненавідзець, час вайны і час міру.
Што за перавага працуючаму з тога, што ён працуе?
Што за карысць мае з працы сваёй той, хто працуе?
Бачыў я дзейнасьць, каторую даў Бог сыном людзкім, каб яны спраўляліся зь ёю.
Паглядзеў я на заняткі, якія даў Бог сынам чалавечым, каб займаліся імі.
Усе ўчыніў Ён харошым упару сваю, таксама ўлажыў Ён сьвет у сэрца іхнае так, што ня можа людзіна адкрыць справаў, каторыя Бог спраўляе ад пачатку аж да канца.
Усё добрае зрабіў Ён у свой час; і перадаў сусвет разважнасці іх, ды не спасцігне чалавек справы, якую ўчыніў Бог, ад пачатку да канца.
Ведаю, што нямаш ім іншага дабра, як весяліцца й рабіць дабро ў жыцьцю сваім.
Спазнаў я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і чыніць дабро ў сваім жыцці.
І калі якая людзіна есьць а п’ець а бача дабро з гарапашнасьці свае, то гэта дар Божы.
Бо кожны чалавек, які есць і п’е і бачыць дабро ад працы сваёй, — гэта дар Божы.
Ведаю, што ўсе, што робе Бог, застаецца на векі; да яго няма чаго дабаўляць і ад яго няма чаго адыймаць; і Бог зрабіў так, каб баяліся Яго.
Пераканаўся я, што ўсе справы, якія чыніць Бог, трываюць вечна; мы не можам ані дадаць да гэтага штосьці, ані адняць [ад таго], што ўчыніў Бог, каб шанавалі [Яго].
Што было, даўно яно; і што мае быць, ужо было; і Бог спаганяе зь мінуласьці.
Тое, што ўжо было, — тое самае і ёсць; і што будзе — ужо было; і Бог даследуе тое, што прамінула.
Яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там нягоднасьць; і месца справядлівасьці — нягодны там.
І яшчэ ўбачыў я пад сонцам: на месцы суда там бязбожнасць, і на месцы справядлівасці там несправядлівасць;
Я сказаў у сэрцу сваім: «Справядлівага й нягоднага будзе судзіць Бог, бо пара там на кажнае зычаньне й на кажны ўчынак там».
Дык сказаў я ў сэрцы маім: «Справядлівага і бязбожнага будзе судзіць Бог, бо [прыйдзе] час на кожную рэч і на кожную справу».
Быў сказаўшы я ў сэрцу сваім праз справы сыноў людзкіх, што Бог спрабаваў іх і паказаў, што яны жывёла самы па сабе;
Сказаў я ў сэрцы маім адносна сыноў чалавечых, што Бог будзе іх выпрабоўваць і пакажа, што яны самі па сабе — падобныя да звяроў.
Бо тое, што прылучаецца сыном людзкім, прылучаецца жывёле, і адна прылука ўсім: як адныя паміраюць, так паміраюць і другія; але, усі маюць адзін дух; і ня мае людзіна перавагі над жывёлаю; бо ўсе марнаеьць.
Бо доля сыноў чалавечых і жывёлы такая ж самая: як памірае чалавек, так і яны паміраюць; і тое ж самае дыханне ва ўсіх: нічога не мае чалавек болей за жывёлу, бо ўсё — марнасць.
Усе йдзець у вадно месца: усе паўстала з пылу, і ўсе абернецца ў пыл.
І ўсё ідзе ў адно месца: з зямлі ўсё створана і ў зямлю ўсё падобным чынам вяртаецца.
Хто ведае, ці дух сыноў людзкіх узыходзе ўгару і ці дух жывёлы зыходзе далоў, да зямлі?
Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўверх і ці дух жывёлін сыходзіць уніз, у зямлю?
Дык я бачыў, што нічога няма лепшага, як што людзіна цешылася б з працаў сваіх; бо гэта дзель ейная; бо хто прывядзець яе пабачыць, што будзе просьле яе?
І ўцяміў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як цешыцца працай сваёй; бо такі лёс яго. Бо хто ж прывядзе яго, каб ён даведаўся, што будзе пасля яго?