Эклезіяста 9 разьдзел
Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Вось усе тое, на што я зьвярнуў сэрца свае і ясна зразумеў усе гэта, што справядлівыя а мудрыя і дзейнасьць іхная ў руццэ Божай, як любоў, так ненавіднасьць; ня ведае чалавек усяго, што перад ім наперадзе;
Усё гэта сабраў я ў сэрцы маім, каб дэталёва асэнсаваць, што справядлівыя і мудрыя і іх учынкі — у руцэ Божай. Што любоў, а што нянавісць, — чалавек зусім не ведае: усё — перад ім.
Усяму й усім адно: адна доля справядліваму й нягоднаму, добраму а чыстаму й нячыстаму, абракаючаму й неабракаючаму, як добраму, так і грэшніку, як прысягаючаму, так і таму, што баіцца прысягі.
Быццам бы для ўсіх — адна доля: для справядлівага і бязбожнага, для добрага і ліхога, для чыстага і нячыстага, для таго, хто складае ахвяры, і для таго, хто не складае. Быццам бы добры — такі ж, як грэшнік; як той, хто прысягае, — такі ж і той, хто баіцца прысягі.
Во, што блага ў вусім, што дзеецца пад сонцам, што адна доля ўсяму, і сэрца сыноў людзкіх поўнае ліха, і шал у сэрцу іхным у жыцьцю іхным; а просьле гэтага, адыходзяць да памерлых.
І гэта — найгоршае сярод усяго, што адбываецца пад сонцам, бо аднолькавая доля — для ўсіх; таму і сэрцы сыноў чалавечых напаўняюцца ліхам і неразумнасцю ў іх жыцці, і самыя апошнія іх [справы] — у мёртвых.
Таму, хто злучаны з усімі жывымі, ё надзея, бо й сабаку жывому ляпей чымся здохламу ляву.
Той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею: лепшы жывы сабака, чым здохлы леў.
Гэтаж жывыя ведаюць, што памруць, але мертвыя нічога ня ведаюць, і ўжо няма ім заплаты, бо ў забыцьцё пашла памятка празь іх.
Тыя, якія жывуць, ведаюць, што памруць; мёртвыя ж нічога больш не даведаюцца, і не маюць больш [ніякай] заплаты, бо памяць аб іх аддадзена забыццю.
Як любосьць іхная, так і ненавіднасьць іхная, і завіднасьць іхная даўно шчэзьлі, і няма ўжо ім дзелі на векі ні ў чым, што дзеецца пад сонцам.
Таксама любоў іх, і нянавісць, і зайздрасць адначасова згінулі, і не маюць ужо яны ўдзелу ў гэтым свеце і ў дзеях, што адбываюцца пад сонцам.
Пайдзі, еж із радасьцяй хлеб свой і пі віно свае зь вясёлым сэрцам, бо даўно Богу прыемныя ўчынкі твае.
Дык ідзі і ў радасці еж хлеб свой і пі з весялосцю віно сваё; бо ўжо даўно спадабаліся Богу ўчынкі твае.
Няхай заўсёды адзецьці твае будуць белыя, і масьці на галаве Тваёй хай стаець.
Хай увесь час будуць белымі шаты твае, ды хай алеек з галавы тваёй не знікае!
Зажывай жыцьця із жонкаю сваёю, каторую ты любіш, усі дні жыцьця марнасьці свае, каторую Ён даў табе пад сонцам на ўсі дні марнасьці твае; бо гэта дзель твая ў жыцьцю і ў гарапашнасьці тваёй, каторую ты гарапашнічаеш пад сонцам.
Цешся жыццём з жонкаю, якую кахаеш, ва ўсе дні жыцця няўстойлівасці тваёй, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасці тваёй: бо гэта ёсць доля ў жыцці і працы тваёй, якою займаешся пад сонцам.
Усе, што знойдзе рука твая рабіць, рабі сілаю сваёю; бо няма работы ані вылічэньня, ані веды, ані мудрасьці ў шэолю, куды ты йдзеш.
Што толькі можа рабіць рука твая, выконвай несупынна, бо ў пекле, куды ты спяшаешся, не будзе ані працы, ані розуму, ані мудрасці, ані ведаў.
Я павярнуўся й бачыў пад сонцам, што не лягкім бег ані дужым бітва, ані мудрым хлеб, ані разумным багацьце, ані ведамцам зычлівасьць; але час а прылучай прылучыцца ўсім ім.
Звярнуў я ўвагу на што іншае; і ўбачыў пад сонцам, што не шпаркім удаецца бег і не моцным — перамога ў баі, ані вучоным — багацце, ані мудрым — хлеб, ані разважлівым — ласка, але для ўсяго — час і нагода.
Бо таксама ня ведае людзіна долі свае: як рыба, злоўленая ў ізрадлівую сетку, і як птушкі, заблытаўшыся ў сіло, так сыноў людзкіх ловяць у ізрадлівым часе, ён неўспадзеўкі паходзе на іх.
Акрамя гэтага, чалавек не ведае канца свайго, але як рыбы трапляюцца ў згубную сетку або як птушкі захопліваюцца ў сіло, так і людзі апаноўваюцца ліхім часам, калі ён нечакана для іх надыходзіць.
Во яшчэ якую мудрасьць бачыў я пад сонцам, і вялікая яна была імне:
Вось яшчэ якую ўбачыў я мудрасць пад сонцам і прызнаў яе найвышэйшай:
Места маленькае, і людзёў у ім мала; да яго падступіў вялікі кароль, і абкружыў яго, і пабудаваў навокал яго вялікія гарады;
малы горад, і мужчын у ім няшмат; выступіў супраць яго вялікі цар, і зрабіў аблогу, і збудаваў навокал вялікія ўмацаванні.
І ў ім знайшлася бедная мудрая людзіна, і яна ўратавала места мудрасьцяй сваёй; ніхто, адылі, не ўспамінаў гэнае беднае людзіны.
Але знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і вызваліў горад мудрасцю сваёю; і ніхто потым не прыпомніў гэтага беднага чалавека.
І сказаў я: розум лепшы за сілу, мудрасьцяй беднага, адылі, грэбуюць і словаў ягоных ня слухаюць.
І я казаў, што мудрасць лепшая за сілу, але мудрасць беднага бывае ў пагардзе, і слоў яго не слухаюць.
Валей словы мудрых, супакойна выслуханыя, чымся крык дзяржаўцы на неразумных.
Спакойныя словы мудрых выслухоўваюць лепш, чым крык начальнікаў сярод неразумных.
Мудрасьць лепшая за ваенную зброю; але адзін грэшнік згубе шмат дабра.
Лепшая мудрасць, чым зброя ваенная, але адзін, калі ўчыніў грэх, шмат добрага знішчае.