Эклезіяста 7 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Валей добрае імя, чымся добрая масьць, і дзень сьмерці, чымся дзень нараджэньня.
 
Лепш добрае імя, чым пахкія алейкі, і дзень смерці [лепшы] за дзень нараджэння.

Валей хадзіць да дому жалобы, чымся да дому чэсьці, бо там канец кажнага чалавека, і жывы возьме гэта да сэрца свайго.
 
Лепш ісці ў дом жалобы, чым у дом банкету; бо ў гэтым канец кожнага чалавека і жывы збярэ гэта ў сэрцы.

Валей немарасьць, чымся сьмех, бо ад марнасьці віду лепшае сэрца.
 
Лепшы смутак за смех, бо праз засмучанасць твару выпраўляецца душа.

Сэрца мудрых у доме жалобы, а сэрца неразумных у доме радасьці.
 
Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца неразумных — у доме весялосці.

Валей чалавеку слухаць упікі мудрага, чымся чалавеку слухаць песьню неразумных;
 
Лепш цярпець нападкі мудрага, чым радавацца спевам неразумнага,

Бо як трэск церняў пад гаршком, так сьмех неразумнага. І таксама гэта марнасьць.
 
бо як трэскат гаручых церняў пад катлом, так і смех неразумнага. Але і гэта марнасць.

Уціск напэўна дурніць мудрага, і падарак губе сэрца.
 
Бо паклёп робіць разумнага дурным, а падарунак адурняе сэрца.

Валей канец рэчы, чымся пачатак яе; цярплівы духам лелшы за гордага духам.
 
Лепшы канец справы, чым [яе] пачатак, лепшы цярплівы за самаўпэўненага.

Не сьпяшайся ў духу сваім гневацца, бо гнеў у грудзёх неразумных супачывае.
 
Не будзь скоры ў душы да гневу, бо гнеў спачывае ў душы неразумнага.

Не кажы: «Чаму гэта пярэднія дні лепшыя за гэтыя?» бо ня з мудрасьці ты пытаешся праз гэта.
 
Не кажы: «Якая, ты думаеш, прычына таго, што ранейшыя часы былі лепшымі, чым цяпер?» Бо не з мудрасці ты пытаешся пра гэта.

Мудрасьць добрая із спадкам, але карысьнейшая тым, што бачаць сонца;
 
Добрая мудрасць разам з багаццямі і карысная тым, якія бачаць сонца.

Бо мудрасьць абарона, срэбра абарона, але пераваге веды ў тым, што мудрасьць даець жыцьцё тым, хто мае яе.
 
Бо як дапамагае мудрасць, так дапамагаюць грошы; але адукаванасць мае тую перавагу, што мудрасць дае жыццё свайму ўладальніку.

Глядзі на дзела Божае, бо хто можа выпрастаць, што Ён скрывіў?
 
Прыгледзься да спраў Божых: бо ніхто не змог бы выпрастаць тое, што крывым Ён зрабіў.

У дзень добры карыстай з дабра, але ў дзень няшчасьця зважай: адно супроці другога ўладзіў Бог; бо ня знойдзе чалавек просьле сябе нічога.
 
У добры дзень пацяшайся з дабра, а ў дзень ліхі падумай: як тое, так і гэтае стварыў Бог, каб чалавек не даведаўся нічога пра будучыню.

Усяго нагледзеўся я ў дні марнасьці свае: бывае справядлівы гіне ў справядлівасьці сваёй, і нягодны далей жывець у нягоднасьці сваёй.
 
Усё я бачыў у дні марнасці маёй: ёсць справядлівы, які гіне ў справядлівасці сваёй, ёсць і бязбожнік, які доўгі час жыве ў нягоднасці сваёй.

Ня будзь лішне справядлівы і ня мудрагель лішне: нашто табе нішчыць самога сябе?
 
Не будзь занадта справядлівым і мудрым звыш меры! Нашто ты хочаш пагубіць сябе?

Ня будзь лішне нягодны і ня будзь дурны: нашто табе паміраць не ўпару?
 
Не чыні занадта бязбожна і не будзь неразумным! Нашто табе паміраць не ў свой час?

Добра, каб ты дзяржаўся гэтага і таксама з гэтага ня здыймай рукі свае, бо хто баіцца Бога, пройдзе ўсе.
 
Добра, каб ты трымаў тое, што маеш, але добра, каб і ад іншага не адводзіў рукі тваёй, бо хто шануе Бога, таго і другога пазбегне.

Мудрасьць мацуе мудрага болей, як дзесяцёх валадароў, што былі ў месьце;
 
Мудрасць робіць мудрага дужэйшым за дзесяць князёў горада.

Бо няма чалавека, нават справядлівага, на зямлі, што рабіў бы дабро й не грашыў;
 
Бо няма на зямлі чалавека справядлівага, які чыніў бы дабро і не грашыў.

Затым не на ўсі словы, што кажуць, зварачай увагу, каб ня чуць табе слугі свайго, што клінець цябе;
 
Але і да ўсіх слоў, што гавораць, не прыкладай сэрца свайго, каб не пачуў часам, як твой слуга абгаворвае цябе;

Бо сэрца твае дазнала шмат разоў, што й сам ты кляў іншых.
 
бо сумленне тваё ведае, што і ты часта абгаворваў другіх.

Усе спрабаваў я мудрасьцю; я сказаў: «Я буду мудры», але яна далёка ад мяне.
 
Усё гэта я спазнаў праз мудрасць, сказаў: «Зраблюся мудрым».

Далёка тое, што было, і глыбака, глыбака: хто можа знайсьці яго?
 
А яна далей адступілася ад мяне. Далёка тое, што было, і глыбокая бездань. Хто даследуе яе?

Зьвярнуўся я із сэрцам сваім, каб пазнаць а скумаць а вышукаць мудрасьць а вылічэньне, і пазнаць нягоднасьць дураты а дурноту шалу.
 
Разгледзеў я ўсё душой маёй, каб пазнаць, разгледзець і адшукаць мудрасць і розум і пераканацца, што бязбожнасць — гэта неразумнасць, а аблуда — безразважнасць.

І знаходжу я, што гарчэйшая за сьмерць жонка, каторай сэрца пасадкі а сеткі, рукі ейныя, як зялезьзе; каторага падабае Бог, тый уцячэць ад яе, але грэшніка ўхопе яна.
 
І выявіў я, што гарчэйшая за смерць жанчына, яна — пастка паляўнічых, і сіло — сэрца яе, путы — рукі яе. Той, хто падабаецца Богу, пазбегне яе; той жа, хто грэшнік, будзе зняволены ёю.

Гля, гэта знайшоў я, сказаў Казаньнік: кідаючы адно да аднаго, каб знайсьці лічбу,
 
«Вось што я высветліў, — сказаў Эклезіяст, — адно за другім, каб здабыць праўду,

Каторай яшчэ шукала душа мая, але я не знаходзіў: аднаго мужчыну сярод тысяча я знайшоў; але жонкі сярод усіх іх я не знайшоў.
 
якую дагэтуль шукае душа мая, і я не знайшоў: адшукаў я аднаго чалавека з тысячы, а жанчыны сярод усіх ні адной не знайшоў.

Гля, гэта толькі я знайшоў, што Бог учыніў чалавека пасьцівым, але яны вынайшлі шмат вынаходаў.
 
Вось толькі што знайшоў я: што Бог стварыў чалавека праўдзівым, а людзі кінуліся ў бясконцыя росшукі».