Псалтыр 46 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Кіраўніку хору. Сыноў Караха. На аламот. Сьпеў.
 

Бог для нас — прыстанішча і моц, у бядзе ўспамога, якая заўсёды прыходзіць.
 

Дык ня будзем баяцца, хоць бы захісталася зямля і горы рушылі ў сэрца мора,
 

хоць бы раўлі і ўздымаліся воды ягоныя, хоць бы трэсьліся горы ад шалу яго. (Сэлях)
 

[Вось] рака, струмяні ейныя радуюць горад Божы, сьвятую сялібу Найвышэйшага.
 

Бог пасярод яго, дык ён не захістаецца; Бог дапаможа яму, як настане раніца.
 

Зараўлі народы, захісталіся валадарствы; Ён выдаў голас Свой, і зямля растапілася.
 

ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба. (Сэлях)
 

Прыйдзіце, пабачце дзеі ГОСПАДА, якое спусташэньне Ён зрабіў на зямлі,
 

Ён войны спыняе аж да краю зямлі, крышыць лукі і дзіды расьсякае, калясьніцы паліць у агні.
 

«Спыніцеся, пазнайце, што Я — Бог! Я буду ўзьвялічаны між народамі, буду ўзьвялічаны на зямлі!»
 

ГОСПАД Магуцьцяў з намі, умацаваны замак наш — Бог Якуба! (Сэлях)