Псалтыр 97 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

ГОСПАД валадарыць! Няхай радуецца зямля, няхай весяліцца мноства астравоў!
 

Хмары і імгла навакол Яго; праведнасьць і суд — падставы пасаду Ягонага.
 

Агонь ідзе перад абліччам Ягоным і паліць наўкола супраціўнікаў Ягоных.
 

Маланкі Ягоныя сусьвет асьвятляюць; бачыць гэта зямля і дрыжыць.
 

Горы топяцца, быццам воск, ад аблічча ГОСПАДА, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.
 

Апавядаюць нябёсы праведнасьць Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.
 

Асаромяцца ўсе, што балванам служаць, што ідаламі сваімі хваляцца. Пакланіцеся Яму, усе богі!
 

Чуе гэта Сыён і весяліцца, і радуюцца дочкі Юды дзеля судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ!
 

Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, над усёй зямлёй Найвышэйшы, Ты ўзьнёсься па-над усімі багамі.
 

Вы, што любіце ГОСПАДА, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы багабойных Сваіх, з рукі бязбожных выратоўвае іх.
 

Сьвятло ўзыходзіць для праведніка, і радасьць — для шчырых сэрцам.
 

Весяліцеся ў ГОСПАДЗЕ, праведнікі, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!