Мацьвея 19 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на той бок Ярдану.
 
І калі Ісус скончыў словы гэтыя, Ён выйшаў з Галілеі, і прыйшоў у межы Юдэйскія, на той бок Ярдану.

І пайшлі за Ім шматлікія натоўпы, і Ён аздаравіў іх там.
 
За Ім ішло многа людзей, і Ён аздаравіў іх там.

І падыйшлі да Яго фарысэі, спакушаючы Яго і кажучы Яму: «Ці за ўсякую віну можна чалавеку разводзіцца з жонкаю сваёю?»
 
І прыступілі да Яго фарысеі, каб спакусіць Яго, і гаварылі Яму: «Ці можна чалавеку абы зь якой прычыны разводзіцца з жонкаю сваёю?»

Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Ці вы не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх?
 
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Ці вы ня чыталі, што Стварыцель чалавека напачатку стварыў іх, як мужчыну й жанчыну?»

І Ён сказаў: “Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць двое адным целам”.
 
І сказаў: «Дзеля таго пакіне чалавек бацьку свайго й маці й злучыцца з жонкаю сваёю, і будуць абое адным целам.

Так што яны ўжо ня двое, але адно цела. Вось жа, што Бог злучыў, тое чалавек няхай не разлучае».
 
Гэтак, яны ўжо ня два, але адно цела. Вось-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае».

Яны кажуць Яму: «Як тады Майсей даў прыказаньне даць разводны ліст і пакінуць яе?»
 
Яны кажуць Яму: «Як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе».

Ён кажа ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а на пачатку не было гэтак.
 
Ён-жа сказаў ім: «Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жонкі вашыя, а на пачатку гэтак ня было

А Я кажу вам: хто пакіне жонку сваю не за распусту і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць; і хто ажэніцца з разьведзенаю, чужаложыць».
 
І кажу Я вам: Хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца зь іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай — блудадзейнічае».

Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэткі абавязак чалавека да жонкі, не карысна жаніцца».
 
Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Калі гэтакі абавязак у мужа да яго жонкі, то лепш не жаніцца».

Ён жа сказаў ім: «Ня ўсе ўмяшчаюць слова гэтае, але каму дадзена.
 
Ён-жа сказаў ім: «Ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена.

Бо ёсьць скапцы, што з улоньня маці гэткімі нарадзіліся; і ёсьць скапцы, якія выпакладаныя людзьмі; і ёсьць скапцы, якія самі сябе выпакладалі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа ўмясьціць, няхай умесьціць».
 
Ёсьць бо лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе кастравалі дзеля Ўладарства Нябеснага. Хто можа гэта ўспрыняць, няхай успрымае».

Тады прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
 
Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі й памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.

А Ісус сказаў: «Пакіньце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне; бо гэткіх ёсьць Валадарства Нябеснае».
 
Але Ісус сказаў ім: «Пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае».

І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
 
І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.

І вось нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Настаўнік добры! Што мне зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?»
 
І вось адзін з народу, падыйшоўшы, сказаў Яму: «Добры Настаўнік! Што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?»

Ён жа сказаў яму: «Чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, акрамя аднаго Бога. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захоўвай прыказаньні».
 
Ён сказаў яму: «Чаму ты завеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, апрача аднаго Бога. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, выпаўняй запаветы».

Кажа Яму: «Якія?» Ісус жа сказаў: «Не забівай; не чужалож; не крадзі; ня сьведчы фальшыва;
 
І той кажа Яму: «Якія?» Ісус сказаў: «Не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва.

шануй бацьку твайго і маці; і любі бліжняга твайго, як самога сябе».
 
Шануй бацьку й маці й любі бліжняга твайго, як самога сябе».

Кажа Яму юнак: «Усё гэта я захаваў ад юнацтва майго. Чаго яшчэ мне не стае?»
 
Кажа Яму юнак: «Усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?»

Ісус прамовіў да яго: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною».
 
Ісус кажа яму: «Калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю й раздай бедным й будзеш мець скарб у небе й прыходзь ды йдзі за Мною».

Пачуўшы гэтае слова, юнак адыйшоў засмучаны, бо меў вялікую маёмасьць.
 
І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць.

А Ісус сказаў вучням Сваім: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае.
 
Ісус-жа сказаў вучням Сваім: «Папраўдзе кажу вам, што цяжка ўвайсьці багатаму ў Валадарства Нябеснае.

Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
 
І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці ў Валадарства Нябеснае».

Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя надта дзівіліся, кажучы: «Хто ж тады можа быць збаўленым?»
 
Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся й гаварылі: «Хто-ж тады можа быць збавёны?»

А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
 
Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма».

Тады Пётар, адказваючы, сказаў Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою; што ж будзе нам?»
 
Тады Пётра адазваўся й сказаў Яму: «Вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою, што-ж будзе нам?»

А Ісус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у адроджаным [сьвеце], калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце на дванаццаці пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраіля.
 
І сказаў ім Ісус: «Папраўдзе кажу вам, што вы, якія пайшлі за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе Славы Сваёй, сядзеце й вы на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў ізраілевых.

І кожны, хто пакінуў дамы, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля імя Майго, атрымае ў стакроць больш і ўспадкаеміць жыцьцё вечнае.
 
І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці вёскі дзеля імя Майго — атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае.

Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.
 
І шмат, хто зь першых стануцца апошнімі, апошнія-ж — першымі.