Мацьвея 15 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Тады прыходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысэі, кажучы:
Тагды прыйходзяць да Ісуса зь Ерусаліму кніжнікі й фарысеі й кажуць:
«Чаму вучні Твае адступаюцца ад традыцыяў старэйшых? Бо ня мыюць рукі свае, калі ядуць хлеб».
«Чаму вучні Твае парушаюць пераданьні старэйшых? Ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб».
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Чаму і вы адступаецеся ад прыказаньня Божага дзеля традыцыяў вашых?
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго?
Бо Бог загадаў, кажучы: “Шануй бацьку твайго і маці”, і: “Хто праклінае бацьку ці маці, няхай сьмерцю памрэ”.
Бог запавядаў: Шануй бацьку твайго й маці тваю, і — хто зьневажаць будзе бацьку ці маці, няхай сьмерцяй памрэ.
А вы кажаце: “Калі хто скажа бацьку або маці: 'Дар [Богу] тое, чым ты ад мяне карыстаўся',
А вы кажаце: Хто скажа бацьку свайму ці маці: Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца.
той можа і не шанаваць бацьку свайго ці маці сваю”. І вы пазбавілі сілы прыказаньне Божае дзеля традыцыяў вашых.
Той можа й не ўшаноўваць бацькі свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім.
Крывадушнікі! Слушна прарочыў пра вас Ісая, кажучы:
Крывадушнікі! Добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы:
“Народ гэты набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і губамі шануе Мяне; а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.
Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка ляжыць ад Мяне.
Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”».
Але дарэмна (яны) ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі й запаветы чалавечыя».
І, паклікаўшы натоўп, сказаў ім: «Слухайце і разумейце:
І, паклікаўшы да Сябе народ, сказаў ім: «Слухайце й разумейце.
Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, апаганьвае чалавека».
Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека».
Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, казалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?»
Тады вучні Ягоныя падыйшлі й сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся».
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Усякая расьліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе выкарчавана.
Ён-жа ў адказ сказаў: «Усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе.
Пакіньце іх; яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ўваляцца ў яму».
Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць».
Пётар жа, адказваючы, сказаў Яму: «Растлумач нам прыповесьць гэтую».
Пётра-ж, адазваўшыся да Яго, сказаў: «Растлумач нам прыпавесьць гэтую».
А Ісус сказаў: «Няўжо і вы такія няцямкія?
Ісус-жа сказаў: «Ці-ж і вам яшчэ да розуму не дайшло?
Ці ж яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выкідаецца прэч?
Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выдаляецца?
А тое, што выходзіць з вуснаў, — з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека.
А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека.
Бо з сэрца выходзяць злыя думкі, забойствы, распуснасьць, чужалоства, крадзяжы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, крадзежы, аблуда, блюзьнерствы.
Гэта апаганьвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека».
Гэта апаганьвае чалавека. А есьці зь нямытымі рукамі ня ганьбіць чалавека».
І, выйшаўшы адтуль, Ісус адыйшоў у межы Тыру і Сідону.
І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.
І вось жанчына Хананейская, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Яму, кажучы: «Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачка мая цяжка апанаваная дэманам!»
І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, усклікала да Яго: «Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю цяжка мучыць нячысты».
А Ён не адказаў ёй ані слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо яна крычыць за намі».
Ён-жа не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: «Адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі».
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Я пасланы толькі да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі».
Ён-жа ў адказ сказаў: «Я пасланы толькі за загінутых авечак дому Ізраілевага».
А яна, прыйшоўшы, пакланілася Яму, кажучы: «Госпадзе! Дапамажы мне».
Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму, кажучы: «Госпадзе! Памажы мне».
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
Ён-жа ў адказ сказаў: «Нядобра забіраць хлеб ад дзяцей ды кідаць шчанятам».
А яна сказала: «Так, Госпадзе! Але і сабакі ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
Яна-ж сказала: «Так, Госпадзе! Але й шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў».
Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая; няхай станецца табе, як ты хочаш». І была аздароўленая дачка ейная з тае гадзіны.
Тады, адказваючы, Ісус сказаў ёй: «О, жанчына! Вялікая вера твая, няхай будзе табе паводле жаданьня твайго». І паздаравела дачка яе ад тэй часіны.
І, перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сеў там.
Перайшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там.
І падыйшлі да Яго шматлікія натоўпы, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і пакінулі іх каля ног Ісуса; і Ён аздаравіў іх,
І прыступілася да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх ля ног Ісусавых, і Ён аздаравіў іх.
так што натоўп зьдзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць, і славіў Бога Ізраіля.
І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, кульгавыя хадзіць, сьляпыя бачыць, і славілі Бога Ізраілевага.
А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў: «Шкада Мне гэтых людзей, што ўжо тры дні са Мною і ня маюць, што есьці; і не хачу адпусьціць іх галоднымі, каб не саслабелі ў дарозе».
Ісус-жа, прыклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: «Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні яны пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хочацца, каб не аслабелі ў дарозе».
І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Адкуль у нас у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэтакі натоўп?»
І кажуць Яму вучні Ягоныя: «Скуль-жа нам узяць у пустыні столькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?»
І кажа ім Ісус: «Колькі маеце хлябоў?» Яны ж сказалі: «Сем, і некалькі рыбак».
Ісус сказаў ім: «Колькі маеце хлебаў?» Яны-ж сказалі: «Сем і некалькі рыбін».
І Ён загадаў натоўпам узьлегчы на зямлі.
І загадаў народу сесьці на зямлі.
І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзякаваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — натоўпу.
І ўзяў сем хлябоў і рыбы, і ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — народу.
І елі ўсе, і наеліся; і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў поўных.
І елі ўсе, і здаволіліся, і набралі астаткаў сем поўных карабоў.
А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчынаў, акрамя жанчынаў і дзяцей.
Было-ж усіх, якія елі, чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
І, адпусьціўшы натоўп, Ён увайшоў у човен і прыйшоў у ваколіцы Магдалы.
Адпусьціўшы-ж народ, Ён увайшоў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.