Мацьвея 10 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу і ўсякую немач.
 
І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хворасьць.

А дванаццаці апосталаў імёны такія: першы — Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якуб Заўдыяў і Ян, брат ягоны,
 
А імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго;

Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Леўвей, якога звалі Тадэвушам,
 
Піліп і Баўтарамей, Хама й Мацьвей — мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем;

Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.
 
Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Ісус і загадаў ім, кажучы: «На шлях паганаў не ўзыходзьце і ў горад Самаранскі не ўваходзьце,
 
Іх дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: «У дарогу да паганаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не ўваходзьце.

а ідзіце больш да авечак з дому Ізраіля, якія загінулі.
 
Лепш ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага.

Ідучы ж, абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Валадарства Нябеснае.
 
А праходзячы абвяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае.

Нядужых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
 
Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце — дарма атрымалі, дарма давайце.

Не бярыце з сабою ані золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя,
 
Не бярэце з сабою золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя;

ані торбы ў дарогу, ані дзьвюх вопратак, ані сандалаў, ані кія. Бо работнік варты ежы сваёй.
 
Ні торбы ў дарогу, ні вопраткі ў запас, ні абутку, ні палкі; годзен бо працаўнік пражываньня свайго.

А ў які горад ці мястэчка ўвойдзеце, даведайцеся, хто ў ім дастойны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
 
І ў якое-б места ці аселішча ні прыйшлі вы, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.

А, уваходзячы ў дом, вітайце яго.
 
А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.

І, калі дом будзе сапраўды варты [гэтага], супакой ваш прыйдзе на яго; а калі ня будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.
 
І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца.

І калі хто ня прыйме вас і ня будзе слухаць словаў вашых, то, выходзячы з дому ці з гораду таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
 
А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых.

Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садома і Гаморы ў дзень суду, чым гораду таму.
 
Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чымся месту таму.

Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьмеі, і шчырыя, як галубы.
 
Вось Я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і чыстыя, як галубы.

Сьцеражыцеся людзей, бо яны будуць выдаваць вас у сынэдрыёны і ў сынагогах сваіх будуць бічаваць вас.
 
Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць біць вас.

І павядуць вас да ваяводаў і валадароў дзеля Мяне на сьведчаньне ім і паганам.
 
І павядуць вас на начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, у сьведчаньне прад імі й паганамі.

Калі ж будуць выдаваць вас, не клапаціцеся пра тое, як ці што вам гаварыць, бо вам у тую гадзіну будзе дадзена, што гаварыць.
 
Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што й як гаварыць.

Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
 
Бо ня вы будзеце прамоўцамі, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас.

Выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына, і паўстануць дзеці на бацькоў, і пазабіваюць іх;
 
Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх.

і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
 
І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё, але, хто вытрымае да канца, той збавёны будзе.

Калі ж будуць перасьледаваць вас у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо сапраўды кажу вам: вы не абыйдзеце ўсіх гарадоў Ізраіля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
 
Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае места; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
 
Ня стаць вучню над настаўнікам сваім, ці слузе над гаспадаром сваім.

Досыць для вучня, каб ён стаўся як настаўнік ягоны, і для слугі, каб ён стаўся як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, тым больш хатніх яго.
 
Досыць вучню дараўнацца да настаўніка свайго, а слузе — да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вэльзевулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных?

Дык ня бойцеся іх, бо няма нічога прыкрытага, каб не адкрылася, ані тайнага, каб ня сталася вядомым.
 
Але ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні патаемнага, каб ня стала ведамым.

Што кажу вам у цемры, кажыце пры сьвятле; і што чуеце на вуха, абвяшчайце з дахаў.
 
Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце ўголас.

І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць; а бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у гееньне.
 
І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але горш бойцеся таго, хто можа душу й цела загубіць у пекле.

Ці ж ня два вераб’і продаюцца за асар? І ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.
 
Ці-ж не прадаюць дзьве малыя птушачкі за медзяка? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
 
У вас-жа й валасы на галаве палічаны.

Дык ня бойцеся, вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
 
Дык ня бойцеся — вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў.

Дык кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго і Я прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
 
Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю й Я яго прад Айцом Маім Нябесным.

А хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, таго і Я адракуся перад Айцом Маім, Які ў небе.
 
А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся й Я яго прад Айцом Маім Нябесным.

Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці супакой на зямлю; не супакой прыйшоў Я прынесьці, але меч.
 
Ня думайце, што Я прыйшоў прынясьці супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч.

Бо Я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку — з маці яе, і нявестку — са сьвякрухай яе.
 
Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку зь сьвякроўю яе.

І ворагі чалавеку хатнія яго.
 
І ворагі чалавеку — хатнія яго.

Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне.
 
Хто любіць бацьку ці маці больш як Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш як Мяне — недастойны Мяне.

І хто не бярэ крыжа свайго і ідзе за Мною, той ня варты Мяне.
 
І хто не бярэ крыжа свайго й ня йдзе ўсьлед за Мною — недастойны Мяне.

Хто знойдзе душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, знойдзе яе.
 
Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе.

Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто прыймае вас, Мяне прыймае, а хто прыймае Мяне, прыймае Таго, Хто паслаў Мяне.

Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, атрымае нагароду праведніка.
 
Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведніка дастае.

І калі хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ня страціць нагароды сваёй».
 
І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня — праўдзіва кажу вам, ня страціць ўзнагароды свае».