Ісаі 7 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І сталася ў дні Ахаза, сына Ётама, сына Узіі, валадара Юды, пайшоў Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраілю, ваяваць супраць Ерусаліму, але не маглі здабыць яго.
 

І паведамілі дому Давіда, кажучы: «Сірыя стала [табарам] у Эфраіме!» І задрыжэла сэрца [валадара] і сэрца народу ягонага, як хістаюцца дрэвы ў лесе ад ветру.
 

І сказаў ГОСПАД Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу, ты і Шэар-Яшуб, сын твой, на канец каналу верхняй сажалкі, на дарогу Поля Валюшніка,
 

і скажаш яму: “Сьцеражыся і будзь у супакоі, ня бойся, і няхай сэрца тваё ня слабне з прычыны гэтых двух рэштак галавешак, якія дымяць, перад полымем гневу Рэцына, і Сірыі, і сына Рэмаліі,
 

бо вырашылі [ўчыніць] супраць цябе ліха Сірыя, Эфраім і сын Рэмаліі, кажучы:
 

“Пойдзем на Юду, напалохаем яго, і здабудзем яго для сябе, і паставім над ім валадаром сына Табээля!”
 

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Ня станецца [гэтага], і нічога ня будзе!
 

Бо галава Сірыі — Дамаск, а галава Дамаску — Рэцын. Яшчэ шэсьцьдзясят пяць гадоў, і будзе Эфраім зламаны, і ня [будзе] народам.
 

А галава Эфраіма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліі. Калі не паверыце, не ўтрымаецеся”».
 

І зноў прамовіў ГОСПАД да Ахаза, кажучы:
 

«Прасі сабе знак у ГОСПАДА, Бога твайго, ці ў глыбіні адхлані, ці высока ўгары».
 

І сказаў Ахаз: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць ГОСПАДА».
 

І сказаў [Ісая]: «Слухайце, дом Давіда! Ці ж мала вам быць цяжарам для людзей, што вы таксама абцяжарваеце Бога майго?
 

Дзеля гэтага Госпад Сам дасьць вам знак. Вось, Дзева зачне і народзіць Сына, і назаве імя Ягонае Іммануэль.
 

Масла і мёд Ён будзе есьці, пакуль не навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро.
 

Бо перш, чым хлопец навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро, будзе пакінутая зямля, якая перад абліччам двух валадароў, якіх ты баішся.
 

Прывядзе ГОСПАД на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён, калі адлучыўся Эфраім ад Юды, [прывядзе] валадара Асірыйскага.
 

І станецца ў той дзень, засьвішча ГОСПАД да мухі, якая на канцы рэкаў Эгіпту, і да пчалы ў зямлі Асірыі.
 

І яны прыляцяць, і абсядуць усе ўзбоччы яроў і шчыліны скалаў, усе цярніны і ўсе хмызьнякі.
 

У той дзень абголіць Госпад лязом, нанятым за ракою, валадаром Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і таксама бараду абрэжа.
 

І станецца ў той дзень, што кожны будзе гадаваць карову і дзьве авечкі,
 

і станецца дзеля вялікага ўдою малака будзе есьці масла, бо масла і мёд будзе есьці кожны, хто застанецца ў зямлі гэтай.
 

І станецца ў той дзень, што ўсякае месца, дзе была тысяча вінаградных лозаў, вартых тысячы [сыкляў] срэбра, стане цернем і асотам.
 

Са стрэламі і лукамі будуць хадзіць там, бо ўся зямля стане цернем і асотам.
 

А на ўсе горы, якія абрабляліся матыкаю, ніхто ня пойдзе туды, баючыся церняў і асоту; і стануцца яны выганам для валоў і на таптаньне для ягнятаў».