1 летапісаў 18 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сталася пасьля гэтага, што Давід разьбіў Філістынцаў, і ўпакорыў іх, і ўзяў Гат і вёскі ягоныя з рукі Філістынцаў.
 
І сталася па гэтым, што Давід разьбіў Пілішчан, і ўслышыў іх, і ўзяў Ґаф а местачкі яго з рукі Пілішчан.

І разьбіў ён Мааўлянаў, і сталі Мааўляне слугамі Давіда, даючы яму дары.
 
Ён перамог таксама Моаўлян, і сталі Моаўляне слугамі Давідавымі, даючы яму дары.

І разьбіў Давід Гададэзэра, валадара Цовы, у Хамаце, калі той ішоў, каб умацаваць уладу сваю над ракою Эўфрат.
 
І разьбіў Давід Гададэзэра, караля Соўскага, у Гамафе, як тый ішоў умацаваць уладу сваю ля ракі Еўфрату.

І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніцаў, сем тысячаў коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і падрэзаў Давід жылы ўсім [коням] калясьнічным, і пакінуў з іх на сто калясьніцаў.
 
І ўзяў Давід у яго тысяча цялежак, сем тысячаў коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотных; і падрэзаў Давід падкаленныя жылы ўсім цялежкавым коням, а пакінуў зь іх на сто цялежак.

І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і разьбіў Давід у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.
 
І прышоў Арам із Дамашку памагаць Гададэзэру, каралю Соўскаму; і разьбіў Давід ув Араме дваццаць дзьве тысячы чалавекаў.

І паставіў Давід [залогу] ў Арама ў Дамаску, і Арамляне сталі слугамі Давіда, прыносячы [яму] дары. І ГОСПАД дапамагаў Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.
 
І прызначыў Давід намесьнікаў ув Араме Дамаскім; і Арамляне сталі слугамі Давідавымі, дары даючымі. Гэтак СПАДАР ратаваў Давіда ўсюдых, куды ён хадзіў.

І ўзяў Давід шчыты залатыя, якія былі ў слугаў Гададэзэра, і прынёс іх у Ерусалім.
 
І ўзяў Давід залатыя шчыты, што былі ў слугаў Гададэзэравых, і прынёс іх да Ерузаліму.

А з Тыўхаты і Зуну, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі. З яе Салямон зрабіў мора мядзянае, і слупы, і начыньне мядзянае.
 
А з Тыўгафы а Куна, местаў Гададэзэравых, узяў Давід вельма шмат медзі. Зь яе Салямон зрабіў мядзянае мора а стаўпы а мядзянае судзьдзе.

І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід разьбіў усё войска Гададэзэра, валадара Цовы.
 
І пачуў Фоў, кароль Гамафу, што Давід разьбіў усе войска Гададэзэрава, караля Соўскага,

І паслаў Гадарама, сына свайго, да валадара Давіда, каб запытацца пра супакой, і каб дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў з Гададэзэрам і разьбіў яго, бо Тоў вёў вайну з Гададэзэрам, і [ён паслаў] усялякія начыньні залатыя, срэбныя і мядзяныя.
 
І паслаў Гадорама, сына свайго, ды з усялякім судзьдзём залатым а срэбным а мядзяным, да караля Давіда, прывеціць а дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў із Гададэзэрам і разьбіў яго, бо Фоў вёў войны з Гададэзэрам.

Таксама гэтае начыньне пасьвяціў валадар Давід для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое ён узяў у-ва ўсіх народаў, у Эдома, у Маава, у сыноў Амона, у Філістынцаў і Амалека.
 
Таксама й гэтае судзьдзе пасьвяціў кароль Давід СПАДАРУ разам із срэбрам а золатам, каторае ён спаганяў з усіх народаў — з Едома а Моава а із сыноў Амонавых а зь Пілішчан а Амаліка.

І Абішай, сын Цэруі, разьбіў Эдамлянаў у Саляной даліне, васямнаццаць тысячаў;
 
І Авішай Цэруёнак разьбіў Едома на даліне Салонай, асьмінанцаць тысячаў;

І паставіў ён залогі ў Эдоме, і стаў увесь Эдом слугамі Давіда. І дапамагаў ГОСПАД Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.
 
І прызначыў ён намесьнікаў у Едоме, і стаў увесь Едом слугамі Давідавымі. Гэтак СПАДАР ратаваў Давіда ўсюдых, куды ён хадзіў.

І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праведнасьць усяму народу свайму.
 
І гаспадарстваваў Давід у вусім Ізраелю, і чыніў суд а справядлівасьць усяму люду свайму.

Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, Язафат, сын Ахілюда — канцлер,
 
Ёаў Цэруёнак — над войскам, а Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік,

Цадок, сын Ахітува, і Абімэлех, сын Абіятара — сьвятары, Шаўша — пісар,
 
Садок Агітувенак а Агімелех Авафаронак — сьвятары, а Шаўша — пісар,

Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі; а сыны Давіда — першыя пры валадары.
 
Веная Егодаёнак — над Херэфеямі а Пелефеямі; а сынове Давідавы — першыя пры каралю.