1 летапісаў 19 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сталася пасьля гэтага, і памёр Нахаш, валадар сыноў Амона, і заваладарыў сын ягоны пасьля яго.
 
І сталася просьле гэтага, што памер Нагаш, кароль сыноў Амонавых, і загаспадарстваваў сын ягоны замест яго.

І сказаў Давід: «Зьяўлю міласэрнасьць Хануну, сыну Нахаша, бо бацька ягоны зьявіў мне міласэрнасьць». І паслаў Давід пасланцоў пацешыць яго па бацьку ягоным. І прыйшлі слугі Давіда ў зямлю сыноў Амона да Хануна, каб пацешыць яго.
 
І сказаў Давід: «Выкажу я зычлівасьць Гануну Нагашонку, бо айцец ягоны зрабіў імне зычлівасьць». І паслаў Давід паслоў пацешыць яго па айцу ягоным. І прышлі слугі Давідавы да зямлі сыноў Амонавых, да Гануна, пацешыць яго.

І сказалі князі сыноў Амона Хануну: «Ці Давід шануе бацьку твайго ў вачах тваіх, што ён прыслаў пацяшыцеляў да цябе? Ці ня дзеля таго, каб высачыць і зьнішчыць, і выведаць зямлю прыйшлі слугі ягоныя да цябе?»
 
І сказалі князі сыноў Амонавых Гануну: «Ты думаеш, Давід паважае айца твайго, што ён прыслаў пацяшыцеляў да цябе? Ці ня дзеля таго, каб прасачыць а зьнішчыць а выглядзець зямлю прышлі слугі ягоныя да цябе?»

І ўзяў Ханун слугаў Давіда, і пагаліў іх, і абрэзаў адзеньне іхняе напалову, да азадкаў, і адпусьціў іх.
 
Дык узяў Ганун служцоў Давідавых, і пагаліў іх, і абрэзаў адзецьці іхныя на палавіцу, да крэслаў, і адпусьціў іх.

І прыйшлі яны, і паведамілі Давіду пра людзей гэтых. І ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі асаромленыя. І сказаў валадар: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць бароды вашыя, і тады вернецеся».
 
І пайшлі яны. І наказалі Давіду празь людзёў гэтых, і ён паслаў ім наўпярэймы, бо яны былі вельма паганбены; і сказаў кароль: «Застаньцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць барады вашы, і тады зьвернецеся».

І ўбачылі сыны Амона, што яны сталі ненавісныя Давіду, і паслаў Ханун і сыны Амона тысячу талентаў срэбра, каб наняць сабе калясьніцы і вершнікаў з Арам-Нагараіму, і з Арам-Маахі, і з Цовы.
 
Як Амоняне абачылі, што яны сталі непахнючымі Давіду, тады паслаў Ганун а сынове Амонавы тысяча таланяў срэбра, каб наняць сабе цялежкі й коньнікаў з Араму Месопотамскага а з Араму Мааскага а з Цовы.

І яны нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы калясьнічнікаў і валадара Маахі, і народ ягоны. І яны прыйшлі, і паставілі [намёты] перад абліччам Мэдэвы. І сыны Амона сабраліся з гарадоў сваіх, і прыйшлі на бітву.
 
І нанялі сабе трыццаць дзьве тысячы цялежак і караля Мааха а люд ягоны. І прышлі яны і разьлягліся перад Медэваю. І сынове Амонавы зьберліся зь местаў сваіх, і прышлі на бітву.

І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам волатаў.
 
І пачуў Давід, і паслаў Ёава з усім войскам харобрых.

І вырушылі сыны Амона, і пашыхтаваліся на бітву каля брамы гораду, а валадары, якія прыйшлі, [стаялі] асобна ў полі.
 
І выступілі сынове Амонавы, і зладзіліся на бітву ля брамы месцкае, а каралі, што прышлі, асобна ў полю.

І ўбачыў Ёаў, што будзе ў яго бітва сьпераду і ззаду, і выбраў усіх выбранцоў Ізраіля, і выставіў іх у шыхт супраць Араму.
 
Ёаў, бачачы, што будзе ў яго бітва сьпераду й адзаду, абраў з усіх выборных у Ізраелю і зладзіў супроці Араму.

А рэшту народу даў пад руку Абішая, брата свайго, і яны сталі ў шыхце супраць сыноў Амона.
 
А засталую часьць люду паручыў Авішаю, брату свайму, каб яны зладзіліся супроці Амонян.

І сказаў ён: «Калі Арам будзе мацнейшы за мяне, ты прыйдзеш на дапамогу мне; а калі сыны Амона будуць мацнейшыя за цябе, я дапамагу табе.
 
І сказаў ён: «Калі Арамляне будуць долець мяне, то ты паможаш імне; а калі сынове Амонавы будуць долець цябе, то я памагу табе.

Будзь моцны, і будзем цьвёрда стаяць за народ наш і за гарады Бога нашага. А ГОСПАД няхай зробіць, што добра ў вачах Ягоных».
 
Пасіліся, і будзем цьверда стаяць за люд наш і за месты Бога нашага; а СПАДАР хай зробе, што Яму любя».

І вырушыў Ёаў і народ, які з ім, на бітву з Арамам; і тыя ўцяклі перад абліччам ягоным.
 
І прыступіў Ёаў а люд, што зь ім, да бітвы з Арамом; і яны ўцякалі ад яго.

А сыны Амона ўбачылі, што ўцёк Арам, і самі ўцяклі ад Абішая, брата ягонага, і ўвайшлі ў горад, а Ёаў пайшоў у Ерусалім.
 
А сынове Амонавы, бачачы, што Арамляне ўцякаюць, і самы ўцяклі ад Авішая, брата ягонага, і ўвыйшлі ў места. І прышоў Ёаў да Ерузаліму.

І ўбачыў Арам, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і паслаў пасланцоў, і прывялі Арамлянаў, якія былі з таго боку ракі, і Шафах, князь войска Гададэзэра, [быў] на чале іх.
 
І абачыў Арам, што яны разьбіты Ізраелям, і паслаў паслоў, і вывялі Арамлян, што былі на тым баку ракі, і Шофах, вайводца Гададэзэраў, перад імі.

І паведамілі Давіду, і ён сабраў усяго Ізраіля, і перайшоў Ярдан, і прыйшоў да іх, і паставіў шыхт супраць іх, і паставіў шыхт Давід для бітвы супраць Арама, і біліся з ім.
 
І наказалі Давіду, і ён зьбер усяго Ізраеля, перайшоў Ёрдан, і прышоў да іх, і прыгатаваўся на іх, і зладзіўся Давід супроці Арама на бітву, і біліся зь ім.

І ўцёк Арам перад абліччам Ізраіля, і забіў Давід у Арама сем тысячаў калясьнічнікаў, і сорак тысячаў пяхотнікаў, і Шафаха, князя войска, усьмерціў.
 
І ўцякалі Арамляне ад Ізраялян, і забіў Давід ув Арамлян сем тысячаў цялежкавых вояў, і сорак тысячаў пяхотных, і Шофаху, вайводцу, зрабіў сьмерць.

І ўбачылі слугі Гададэзэра, што яны пабітыя перад абліччам Ізраіля, і замірыліся з Давідам, і служылі яму. І не хацеў Арам больш ратаваць сыноў Амона.
 
Як абачылі служцы Гададэзэравы, што іх паразілі Ізраяляне, дык зрабілі з Давідам мір і служылі яму. І не хацеў Арам болей ратаваць сыноў Амонавых .