1 летапісаў 20 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сталася праз год, у часе выхаду валадароў [на вайну], вывеў Ёаў войска вялікае, і спустошыў зямлю сыноў Амона, і прыйшоў, і аблёг Раббу. А Давід застаўся ў Ерусаліме. І здабыў Ёаў Раббу, і зруйнаваў яе.
 
За год, у часе выхаду каралёў на вайну, вывеў Ёаў войскі, і спустошыў край сыноў Амонавых, і прышоў, і аблёг Раўву. Давід жа заставаўся ў Ерузаліме. Ёаў заваяваў Раўву і разбурыў яе.

І ўзяў Давід карону валадара іхняга з галавы ягонай; і знайшоў, што яна важыла талент золата, і быў на ёй камень каштоўны; і была яна на галаве ў Давіда. І здабычы вельмі шмат ён вынес з гораду.
 
І ўзяў Давід карону караля іхнага з галавы ягонае; і даведаўся, што яна важыла талань золата, і было на ёй дарагое каменьне; і была на галаве ў Давіда. І здабытку вельма шмат вынес ізь места.

А народ, які быў у ім, вывеў і палажыў іх пад пілы, і цапы жалезныя, і сякеры. Гэтак зрабіў Давід з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.
 
А люд, што быў у ім, вывеў і парэзаў іх піламі, зялезнымі скарадамі а сякірамі. Гэтак зрабіў Давід із усімі местамі сыноў Амонавых; і зьвярнуўся Давід а ўвесь люд да Ерузаліму.

І сталася пасьля гэтага, пачалася вайна з Філістынцамі ў Гэзэры. Тады Сібэхай Хушанін забіў Сіпая, аднаго з нашчадкаў Рэфаімаў, і яны былі пабітыя.
 
Просьле гэтага цягнулася вайна зь Пілішчанмі ў Ґезэру. Тады Сівехай Гушацянін забіў Сыпая, аднаго з патомкаў Рэфаімаў. І яны былі зваяваны.

І яшчэ была вайна з Філістынцамі. І Эльханан, сын Яіра, забіў Ляхмі, брата Галіята, Хітыта, у якога тронак дзіды быў як навой ткацкі.
 
І ўзноў была вайна зь Пілішчанмі. І забіў Елганан Яіронак Лагму, брата Ґоляфовага, Ґіфяніна, у каторага дзяржаньне дзіды было, як навой у ткачоў.

І была яшчэ вайна ў Гаце, і быў адзін чалавек высокага росту, у якога было па шэсьць пальцаў, усяго дваццаць чатыры, і ён таксама паходзіў з Рэфаімаў.
 
І была яшчэ вайна ў Ґафе. Там быў адзін чалавек вялікага складу, у каторага было па шэсьць палцаў, усяго двадцаць чатыры. І ён таксама быў з патомкаў Рэфаімаў.

І ён блюзьніў на Ізраіля; і забіў яго Ёнатан, сын Шымы, брата Давіда.
 
Ён вярнуў на Ізраеля; і забіў яго Ёнафан, сын Шыма, брата Давідавага.

Гэта былі народжаныя з Рэфаімаў у Гаце, і яны загінулі ад рукі Давіда і ад рукі слугаў ягоных.
 
Гэта былі роджаныя з Рэфаімаў у Ґафе, і загінулі ад рукі Давіда і ад рукі служцоў ягоных.