1 летапісаў 15 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пабудаваў [Давід] сабе дамы ў горадзе Давіда, і падрыхтаваў месца для Каўчэгу Божага, і расьцягнуў для яго намёт.
 
І пастанавіў ён сабе дамы ў месьце Давідавым, і прыгатаваў месца дзеля скрыні Божае, і разапнуў дзеля яе будан.

Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць Каўчэг Божы, акрамя лявітаў, бо іх выбраў ГОСПАД на тое, каб насіць Каўчэг Божы і служыць пры ім на вякі».
 
Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць скрыні Божае, апрача Левітаў, бо іх абраў СПАДАР на тое, каб насіць скрыню Божую і служыць Яму на векі».

І сабраў Давід усяго Ізраіля ў Ерусалім, каб прынесьці Каўчэг ГОСПАДА на месца ягонае, якое ён прыгатаваў для яго.
 
І зьбер Давід усіх Ізраялян да Ерузаліму, каб зьнесьці скрыню СПАДАРОВУ на месца яе, каторае ён дзеля яе прыгатаваў.

І сабраў Давід сыноў Аарона і лявітаў.
 
І зьбер Давід сыноў Ааронавых а Левітаў:

З сыноў Кегата: Урыэля, начальніка, і братоў ягоных — сто дваццаць;
 
Із сыноў Когафовых — Урэля, начэльніка, а братоў ягоных, сто дваццацёх;

з сыноў Мэрары: Асію, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць;
 
Із сыноў Мераравых — Асаю, начэльніка, а братоў ягоных, дзьвесьце дваццацёх;

з сыноў Гершома: Ёэля, начальніка, і братоў ягоных — сто трыццаць;
 
Із сыноў Ґіршомавых — Ёеля, начэльніка, а братоў ягоных, сто трыццацёх;

з сыноў Эліцафана: Шэмаю, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце;
 
Із сыноў Елісафановых — Шэмаю, начэльніка, а братоў ягоных, дзьвесьце;

з сыноў Хеўрона: Эліэля, начальніка, і братоў ягоных — восемдзясят;
 
Із сыноў Гэўронавых — Елеля, начэльніка, а братоў ягоных, асьмідзясят;

з сыноў Узіэля: Амінадава, начальніка, і братоў ягоных — сто дванаццаць.
 
Із сыноў Узелявых — Амінадава, начэльніка, а братоў ягоных, сто двананцацёх.

І паклікаў Давід Цадока і Абіятара, сьвятароў, і лявітаў Урыэля, Асаю, Ёэля, Шэмаю, Эліэля і Амінадава,
 
І пагукаў Давід сьвятароў: Садока а Авафара, і Левітаў: Урэля, Асаю а Ёеля, Шэмаю а Елеля а Амінадава.

і сказаў ім: «Вы — галовы [дамоў] бацькоў у лявітаў. Асьвяціцеся вы і браты вашыя і перанясіце Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля, на месца, якое я прыгатаваў для яго.
 
І сказаў ім: «Вы, начэльнікі айцоў Левітаў, пасьвяціцеся вы і браты вашы, і ўзьнясіце скрыню СПАДАРА, Бога Ізраелявага, на месца каторае я прыгатаваў ёй;

Бо першы раз ня вы гэта рабілі, і ГОСПАД, Бог наш, ударыў нас, бо мы не шукалі Яго як мае быць».
 
Бо, як уперад ня вы гэта рабілі, то СПАДАР, Бог наш, зрабіў паразу ў нас за тое, што мы ня шукалі Яго як мае быць».

І асьвяціліся сьвятары і лявіты, каб перанесьці Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
 
І пасьвяціліся сьвятары а Левіты дзеля таго, каб узьнесьці скрыню СПАДАРА, Бога Ізраелявага.

І несьлі сыны лявітаў Каўчэг Божы, як загадаў Майсей паводле слова ГОСПАДА, на рамёнах сваіх, на насілах.
 
І несьлі сыны Левітаў скрыню Божую, як расказаў Масей подле слова СПАДАРОВАГА, на плячох сваіх, нашулкамі на сабе.

І сказаў Давід начальнікам лявітаў, каб паставілі братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструмэнтамі, з псалтырамі, гусьлямі, цымбаламі, каб гралі, падымаючы голас з радасьцю.
 
І казаў Давід начэльнікам Левітаў пастанавіць братоў сваіх пяюноў з музыцкімі снадзівамі, з псалтырамі а гусьлямі а цымбаламі, каб гралі, падыймаючы голас із радасьцяй.

І паставілі лявіты Гэмана, сына Ёэля, і з братоў ягоных Асафа, сына Бэрэхіі, а з сыноў Мэрары, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі,
 
І прызначылі Левіты: Гэмана Ёелёнка, і з братоў ягоных — Асафа Верэшонка, а із сыноў Мераравых, братоў іхных, Ефана Кушаёнка;

і з імі братоў іхніх другога шэрагу: Захарыю, Бэна, Яазіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Бэнаю, Маасэю, Матытыю, Элефэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля, прыдзьвернікаў.
 
І зь імі братоў іхных другарадных: Захару, Бена а Яазеля а Шэмірамофа а Егіеля а Уня, Елява а Венаю а Маасэя а Матыфу а Еліфелегу а Мікнея а Овед-Едома а Ееля, брамнікаў,

І сьпевакоў: Гэмана, Асафа і Этана — з цымбаламі мядзянымі, каб чулі;
 
І пяюноў: Гэмана, Асафа а Ефана — на мядзяных цымбалах, каб чулі;

а Захарыю, Азіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Маасэю, Бэнаю — з псалтырамі;
 
А Захару а Азеля а Шэмірамофа а Егіеля а Уня а Елява а Маасэя а Веная — на аламоф;

а Матытыю, Эліфэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля і Азазію — з гусьлямі на актаву для пачынаньня.
 
А Матыфу а Еліфелегу а Мікнея а Овед-Едома а Ееля а Азазю — на гарпах, на шэмініце пачынаньне.

А Хэнанію, начальніка лявітаў у сьпеве, — каб кіраваў сьпяваньнем, бо ён быў здольны [ў гэтым].
 
А Хенаня, начэльнік Левітаў у пяцьцю, і ён вучыў пяцьця, бо ён быў цямлівы ў ім.

А Бэрэхія і Элькана былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.
 
А Верэха а Елкана былі вартаўнікамі ля скрыні.

А Шэванія, Язафат, Нэтанэль, Амасай, Захарыя, Бэная і Эліэзэр, сьвятары, трубілі ў трубы перад Каўчэгам Божым. Абэд-Эдом і Ехія былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.
 
А Шэваня а Ясапат а Нефанэль а Амасай а Захара а Веная а Елезэр, сьвятарове, трубілі ў трубы перад скрыняю Божай. Овед-Едом а Ега былі вартаўнікамі ля скрыні.

І сталася, што Давід і старшыні Ізраіля, і тысячнікі вырушылі, каб вынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з дому Абэд-Эдома з радасьцю.
 
Гэтак Давід а старцы Ізраелявы а тысячнікі пайшлі ўзьнесьці скрыню змовы СПАДАРОВАЕ з дому Овед-Едомавага, зь весялосьцяй.

І сталася, што Бог дапамог лявітам, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і склалі ў ахвяру сем бычкоў і сем бараноў.
 
І як Бог памог Левітам, каторыя несьлі скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, тады зарэзалі сем цялят-бычкоў і сем бараноў.

І Давід быў апрануты ў плашч з вісону, [таксама] і ўсе лявіты, якія несьлі Каўчэг і сьпявалі, і Хэнанія, начальнік сьпяваньня сьпевакоў. І на Давідзе быў эфод ільняны.
 
Давід быў адзеўшы адзецьце зь цюнюсенькага палатна, і ўсі Левіты, каторыя несьлі скрыню, і пяюны, і Хенаня, начэльнік пяцьця пяюноў. На Давіду ж быў лянны наплечнік.

І ўвесь Ізраіль узьняў Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гуканьнем і з гукам рагоў, і з трубамі, і з цымбаламі, граючы на псалтырах і гусьлях.
 
Гэтак увесь Ізраель узносіў скрыню змовы СПАДАРОВАЕ з гуканьням а з гукам рагоў а з трубамі а з цымбаламі, голасна гучачы на псалтырох а гусьлях.

І сталася, калі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ўваходзіў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела ў вакно, і ўбачыла валадара Давіда, які скакаў і танчыў, і пагардзіла ім у сэрцы сваім.
 
І сталася, як скрыня змовы СПАДАРОВАЕ ўходзіла ў места Давідава, што Міхала Саўлішка выглядала ў вакно далоў і, абачыўшы караля Давіда, што скакаў а весяліўся, улегцы замела яго ў сэрцу сваім.