1 летапісаў 28 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сабраў Давід у Ерусалім усіх князёў Ізраіля, князёў каленаў і начальнікаў харугваў, якія служылі валадару, і начальнікаў над тысячамі, і начальнікаў над сотнямі, і князёў над усёй маёмасьцю, і над статкамі валадара, і над сынамі ягонымі разам з урадоўцамі і мужнымі [ваярамі], і ўсімі ваярамі магутнымі.
 
І зьбер Давід да Ерузаліму ўсіх князёў Ізраельскіх, князёў плямёнаў а князёў аддзелаў, што служылі каралю радоўкаю, а князёў над тысячамі а князёў над сотнямі а князёў над усім меньням а статкам каралёвым а над сынамі ягонымі, зь легчанцамі а харобрымі а з усімі дужасіламі.

І стаў валадар Давід на ногі свае, і сказаў: «Паслухайце мяне, браты мае і народ мой! Было ў мяне ў сэрцы пабудаваць Дом супачынку для Каўчэгу Запавету ГОСПАДА і падножжа пад стопы Бога нашага, і я падрыхтаваўся да будоўлі.
 
І стаў кароль Давід на ногі свае, і сказаў: «Паслухайце мяне, браты мае а людзе мой! было ў мяне на сэрцу пастанавіць дом супакою скрыні змовы СПАДАРОВАЕ і казульку Богу нашаму, і я прыгатаваўся да будоўлі.

Але Бог сказаў мне: “Ня ты пабудуеш Дом для імя Майго, бо ты — чалавек вайны і ты разьліваў кроў”.
 
Але Бог сказаў імне: "Не станаві дому імені Майму, бо ты людзіна ваёўная й разьліваў кроў".

І выбраў ГОСПАД, Бог Ізраіля, мяне з усяго дому бацькі майго, каб я быў валадаром над Ізраілем на вякі, бо Ён выбраў Юду за правадыра, і з дому Юды — дом бацькі майго, і з сыноў бацькі майго ўпадабаў мяне, каб паставіць валадаром над усім Ізраілем.
 
І абраў, адылі, СПАДАР, Бог Ізраеляў, мяне з усёга дому айца майго, быць каралём над Ізраелям вечна; бо Ён абраў Юду за дзяржаўцу, а з дому Юды дом айца майго, а із сыноў айца майго зычыў мяне ўстанавіць за караля над усім Ізраелям;

І з усіх сыноў маіх, бо шмат сыноў даў мне ГОСПАД, Ён выбраў Салямона, сына майго, каб ён сеў на пасадзе валадарства ГОСПАДА над Ізраілем.
 
І з усіх сыноў маіх, — бо шмат сыноў імне даў СПАДАР, — Ён абраў Салямона, сына майго, сядзець на пасадзе каралеўства СПАДАРОВАГА над Ізраелям,

І Ён сказаў мне: “Салямон, сын твой, ён пабудуе Дом Мой і панадворкі Мае, бо Я выбраў яго Сабе за сына, і Я буду яму Бацькам;
 
І сказаў імне: "Салямон, сын твой, ён пастанове дом Мой а панадворкі Мае, бо Я абраў яго Сабе за сына, і Я буду яму айцом;

І Я ўмацую валадарства ягонае на вякі, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні прыказаньняў Маіх і прысудаў Маіх, як гэта ёсьць сёньня”.
 
І ўмацую каралеўства ягонае на векі, калі ён будзе кажначасна паўніць расказаньні Мае а суды Мае, як дагэтуль".

І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, царквы ГОСПАДА, і ў вушы Бога нашага [я кажу]: “Пільнуйце і выконвайце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, каб вы валодалі гэтай зямлёй добрай і пакінулі яе ў спадчыну для сыноў вашых пасьля вас на вякі.
 
Дык цяпер перад ачыма ўсяго Ізраеля, збору СПАДАРОВАГА, і ў вушы Бога нашага кажу: дзяржыце а вызукайце ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, каб вы дзяржалі гэтую добрую зямлю і просьле сябе пакінулі на спадак сыном сваім на векі.

І ты, Салямоне, сыне мой, ведай Бога, Айца твайго, і служы Яму з сэрцам шчырым і душою ахвотнаю, бо ГОСПАД дасьледуе ўсе сэрцы і разумее ўсе намеры думак. Калі будзеш шукаць Яго, ты знойдзеш Яго; а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўжды.
 
І ты, Салямоне, сыну мой, знай Бога, айца свайго, і служы Яму з дасканальным сэрцам і ахвотнаю душою, бо СПАДАР соча ўсі сэрцы й разумее ўсі творы думак. Калі будзеш шукаць Яго, знойдзеш; але калі пакінеш Яго, Ён кіне цябе назаўсёды.

Глядзі цяпер, бо ГОСПАД выбраў цябе, каб ты пабудаваў Дом як сьвятыню. Будзь цьвёрды і рабі”».
 
Глядзі ж цяпер, як СПАДАР абраў цябе пастанавіць дом на сьвятыню, мацуйся й рабі».

І даў Давід Салямону, сыну свайму, узор прысенку і будынкаў [сьвятыні] і скарбніцаў ейных, і верхніх пакояў ейных, і ўнутраных пакояў ейных, і дому перамольваньня,
 
І даў Давід Салямону, сыну свайму, зразу сеняў а дамоў іх а скарбніцаў іх а верхніх пакояў іх а нутраных пакояў іх а дому ласкіўчыненьня

і ўзор усяго, што было ў духу ягоным для панадворку Дому ГОСПАДА і для ўсіх пакояў навокал, для скарбніцаў Дому Божага і скарбніцаў рэчаў пасьвячоных,
 
А зразу ўсяго, што было ў духу ў яго, панадворкаў дому СПАДАРОВАГА а ўсіх пакояў навокал, скарбніцаў дому Божага а скарбніцаў пасьвячанага,

і для чэргаў сьвятароў і лявітаў, і для ўсёй працы пры служэньні ў Доме ГОСПАДА, і для ўсіх начыньняў для служэньня ў Доме ГОСПАДА.
 
Таксама сьвятарскіх а левіцкіх радоў, і на ўсю службовую работу дому СПАДАРОВАГА, і на ўсе службовае судзьдзе ў доме СПАДАРОВЫМ,

[І даў ён] золата вагою на залатыя [рэчы], на ўсе начыньні для ўсялякага служэньня; [і срэбра] на ўсе начыньні срэбныя, на ўсе начыньні для ўсялякага служэньня;
 
І золата вагою на залатыя рэчы, на ўсі снадзі кажнага спосабу службы, на ўсі снадзі срэбныя вагою, на ўсі снадзі кажнага роду службы;

[золата] для сьвечнікаў залатых і для лямпаў іхніх залатых, вагою кожнага сьвечніка і лямпаў ягоных, і [срэбра] для сьвечнікаў срэбных, вагою кожнага сьвечніка і лямпаў ягоных, паводле прызначэньня кожнага сьвечніка,
 
Таксама вагою на залатыя сьветачы й на іх лянпы залатыя вагою, на кажны сьветач а на лянпы яго, і на сьветачы срэбра вагою, на сьветач а на лянпы яго, подле службы кажнага роду сьветача.

і золата вагою на сталы хлябоў пакладных на кожны стол, і срэбра на сталы срэбныя,
 
І вагою золата на сталы хлябоў Выкладу на кажны стол, і таксама срэбра на сталы срэбныя,

і на відэльцы, і на крапільніцы, і на місы з золата шчырага, і на келіхі залатыя вагою на кожны келіх, і на келіхі срэбныя вагою на кожны келіх,
 
І на відзёлкі, і крапільніцы, і на місы золата чыстага, і на чары залатыя вагою на кажную чару, і на чары срэбныя вагою на кажную чару,

і на ахвярнік каджэньня золата шчырага вагою, і на вобраз калясьніцы херувімаў, якія разгортваюць крылы свае і закрываюць Каўчэг Запавету ГОСПАДА.
 
І на аброчнік кадзеньня шчырага золата вагою, і на зрабеньне цялежак херуваў, што распушчалі свае крылы і пакрывалі скрыню змовы СПАДАРА.

[І сказаў:] «Усё гэта запісанае з рукі ГОСПАДА. Ён даў мне зразумець усю працу паводле ўзору гэтага».
 
«Усе, — ды ў пісаньню ад рукі СПАДАРОВАЕ, — Ён даў імне ўцяміць усе спаўненьне тае зразы».

І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Будзь цьвёрды і мужны, і рабі. Ня бойся і не палохайся, бо ГОСПАД Бог, Бог мой, з табою. Ён не адыйдзе ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся праца для служэньня ў Доме ГОСПАДА.
 
І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Мацуйся й будзь адважны, ня бойся а не палохайся; бо СПАДАР Бог, Бог мой, з табою, не адступе ад цябе й не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся работа службы дому СПАДАРОВАГА.

І, вось чэргі сьвятароў і лявітаў для ўсялякага служэньня ў Доме Божым. З табою ў-ва ўсёй працы ўсе [людзі] шляхетныя, мудрыя на ўсялякае служэньне. І князі, і ўвесь народ [гатовыя выканаць] усе словы твае».
 
І, во рады сьвятароў а Левітаў да ўсялякае службы дому Божага. І з табою ў усялякай службе кажны ахвотнік, здольны да ўсялякае службы; і князі, і ўвесь люд пад загадаю тваёю».