2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,
 

і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучыць.
 

Дык перанось злыбеды, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
 

Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска.
 

І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна.
 

Земляроб, які працуе, мусіць першы спажываць плады.
 

Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.
 

Памятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эвангельля майго,
 

у якім пераношу злыбеды аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць.
 

Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю.
 

Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім;
 

калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас;
 

калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа.
 

Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць.
 

Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.
 

А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці,
 

і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажыву. Гэтакія Гімэнэй і Філет,
 

якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру.
 

Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста».
 

А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у пашане, а другі — у ганьбе.
 

Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Уладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу.
 

Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца.
 

Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі;
 

а слуга Госпада ня мусіць вадзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навучаць, цярплівым,
 

у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды,
 

каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.